Мікалай Статкевіч усклаў кветкі на Вайсковых могілках Мінска
4- 8.05.2026, 18:48
- 2,462
Лідар апазіцыі патлумачыў, чаму робіць гэта менавіта там і менавіта 8 мая.
Лідар апазіцыі, вызвалены палітвязень Мікалай Статкевіч усклаў кветкі на пахаваннях на Вайсковых могілках Мінска і патлумачыў, чаму зрабіў гэта менавіта там і менавіта 8 мая.
«Цяпер гісторыя паўтараецца. Зноў распачатая вайна з мэтай узяць рэванш за прайграную, толькі ўжо не Першую сусветную, а Трэцюю сусветную «халодную» вайну. Зноў спрабуюць вярнуць страчаныя тэрыторыі, толькі не Данцыг і Эльзас, а Крым і ўсю Украіну, зноў «абароняць правы суайчыннікаў», толькі не ў Судэтах, а на Данбасе, зноў хочуць пабудаваць свой свет, толькі не «арыйскі», а «рускі», — піша Статкевіч у сваім тэлеграм-канале. — І спрабуюць выкарыстаць у сваёй вайне тых, хто змагаўся і загінуў, спрабуючы спыніць усё пералічанае.

Мёртвыя не вінаватыя, калі іх выкарыстоўваюць у палітычных гульнях і інфармацыйных войнах. Яны не могуць паўстаць з магіл, каб абараніць сябе. Як не можа паўстаць з магілы на Вайсковых могілках лётчык Акрэсцін, каб запярэчыць таму, што ягонае імя ў вачах усёй планеты звязалі з месцам, дзе людзей катавалі за іх перакананні».
Статкевіч таксама нагадаў, што ў канцы чэрвеня 2020 года, калі ён адбываў арышт у ізалятары на вуліцы імя Акрэсціна, яму завочна дадалі яшчэ 15 сутак. Прычынай назвалі «правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» — ускладанне кветак 8 мая таго ж года на Вайсковых могілках Мінска да магіл загінулых салдат.
«Думаю, што цяжка знайсці больш красамоўнае сведчанне сапраўднага стаўлення ўладаў да памяці шматмільённых ахвяр той вайны, развязанай таталітарнымі рэжымамі».
