Якую ролю ў Іране цяпер адыгрывае паранены Хамэнеі?
1- 9.05.2026, 10:52
- 1,590
Разведка ЗША патлумачыла.
Аятала Маджтаба Хамэнеі, які ў сакавіку 2026 года стаў новым вярхоўным лідарам Ірана, адыгрывае галоўную ролю ў распрацоўцы іранскай ваеннай стратэгіі. Пра гэта піша CNN са спасылкай на ананімныя крыніцы ў амерыканскай разведцы.
Паводле звестак CNN, разам з Маджтабам Хамэнеі ваенную стратэгію Ірана цяпер распрацоўваюць і некалькі іншых асоб, але іх прозвішчы не называюць.
Крыніцы амерыканскіх журналістаў сцвярджаюць, што новы вярхоўны лідар Ірана з вялікай верагоднасцю таксама вызначае ход перамоваў са Злучанымі Штатамі аб умовах спынення вайны.
У CNN падкрэслілі, што на дадзены момант палітычная сітуацыя ў Іране не надта зразумелая. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што сярод іранскіх лідараў няма адзінства адносна ўмоў спынення вайны з ЗША, і менавіта таму ён 22 красавіка ў аднабаковым парадку працягнуў перамір’е (каб даць час іранскім лідэрам прыняць адзінае рашэнне).
Маджтабу Хамэнеі абралі вярхоўным лідарам Ірана ў сакавіку 2026 года пасля таго, як падчас вайны з ЗША і Ізраілем загінуў ягоны бацька Алі Хамэнеі, які шмат гадоў займаў гэты пост.
З таго часу Маджтаба ні разу не з’яўляўся на публіцы. СМІ сцвярджаюць, што ён сур’ёзна паранены. Напрыклад, паводле інсайдэрскай інфармацыі The Times, Маджтаба праходзіць лячэнне ў Куме, які з’яўляецца святым горадам для шыітаў. Ён доўгі час быў без прытомнасці.
Іранскія дзяржаўныя СМІ перадаюць, што з новым вярхоўным лідарам Ірана ўсё ў парадку. Яны час ад часу публікуюць яго звароты да іранцаў і да ЗША. Таксама сцвярджаецца, што ён праводзіць сустрэчы з высокапастаўленымі іранскімі чыноўнікамі.