Палітолаг распавёў, чаму Коул так доўга не прыязджае ў Беларусь
2- 16.06.2026, 9:41
- 3,082
Лукашэнка запатрабаваў занадта шмат.
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у эфіры «Белсата» заявіў, што прыпынак у перамовах ЗША з Лукашэнкам узнік праз завышаныя патрабаванні Мінска, аднак, паводле яго, працэс не спыніўся, бо захоўваецца зацікаўленасць у гэтым абодвух бакоў. Тым часам пасланец прэзідэнта ЗША Джон Коул паведаміў, што яго чарговы візіт у Беларусь адбудзецца «ў найбліжэйшы час».
«Гэта ўвесь час даволі складаны працэс, і да апошняга моманту ён не гарантаваны. Калі нават прыязджае Джон Коул, няма ніякай дакладнасці ні ў прозвішчах, ні ў колькасці, ні ў тым, на што ў адказ павінны ЗША саступіць афіцыйнаму Мінску», – сказаў у эфіры Цыганкоў, каментуючы прыпынак паміж візітамі ў Беларусь пасланца прэзідэнта ЗША.
Паводле аналітыка, замінка адбылася праз завышаныя патрабаванні Мінска. Цыганкоў, са спасылкай на інфармацыю крыніц, заявіў, што ведае, чаго захацелі ўлады Беларусі, аднак падрабязнасцяў не раскрыў:
«Мінск не запытаў нічога надзвычайнага, аднак запытаў зашмат. І Амерыка сказала, што «не, гэта — не». І дзеля таго, каб, скажам так, зафіксаваць гэтае нязгоду, і адбыўся такі прыпынак, прычым з двух бакоў былі такія нядружалюбныя, можна сказаць, крокі. Упершыню тады адбыўся публічны званок Коула Ціханоўскай, гэта, вядома, была шпілька ў бок афіцыйнага Мінска».
Субяседнік «Белсата» канстатаваў, што перамовы ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам «вісяць на валаску кожны раз», аднак працэс працягнецца, бо застаецца зацікаўленасць абодвум бакам:
«Лукашэнка не дасягнуў таго, чаго хацеў. Ён увогуле, напэўна, думаў, што пачнуць амерыканцы змякчаць санкцыі, за імі пабягуць еўрапейцы, як, умоўна кажучы, маленькі брусэльскі райкам за вашынгтонскім абкамам. Ён пераацаніў гэтую залежнасць еўрапейцаў, яны зусім не пахіснулі сваю пазіцыю. Ён псіхуе, нервуецца, спрабуе па-іншаму. Яму яшчэ многа чаго хочацца ад Амерыкі, а ў Амерыкі галоўная мэта (не ведаю, яна гуманная ці палітычная дзеля нейкіх перамог для Трампа), мы ўсе молімся, каб яна здзейснілася, — гэта вызваленне ўсіх палітвязняў».
Тым часам Коул 16 чэрвеня ў сацсетцы X.com на пытанне, калі адбудзецца яго візіт у Мінск, адказаў: «Хутка».
На фоне перамоваў з ЗША, якія хоць і на паўзе, але фактычна не спыніліся, улады Беларусі працягваюць пераслед за інадумства, а некаторыя гісторыі дазваляюць сцвярджаць, што рэпрэсіі паглыбляюцца. Адно з такіх сведчанняў — справа ЕГУ, прызнанага «экстрэмісцкай арганізацыяй». Паводле нядаўніх звестак праваабаронцаў, сілавікі правялі ўжо як мінімум 60 вобшукаў у выпускнікоў, студэнтаў і іншых нібыта датычных да ўніверсітэта людзей, а таксама іх родных.
Цыганкоў назваў гэта «неардынарнай і новай» з’явай:
«Раней затрымлівалі і саджалі або каралі тых, хто ўдзельнічаў у нейкіх падзеях, акцыях 2020 года, у 2022-м або пазней. Саджаюць людзей, якія нешта робяць, — за каментары, за лайкі, за дапамогу Украіне, за нейкія здымкі. А тут фактычна ўпершыню людзей будуць пераследаваць не за нейкія дзеянні, а проста за тое, што яны вучыліся ў заходнім універсітэце, у Вільні. Яны, можа, не маюць ніякіх апазіцыйных поглядаў, яны проста вучыліся ва ўніверсітэце, каб атрымаць заходнюю адукацыю».
Аналітык таксама пракаментаваў гісторыю грамадзяначкі Ірана Хатэрэ Хадададзі, якую дэпартавалі з Беларусі ў Арменію за паведамленні пра пратэсты на радзіме.
«Тут той выпадак, калі можна сказаць беларускай прымаўкай: «Дзіва, што ў дзеда барада сіва». Нічога дзіўнага, што іранскія сілавікі звярнуліся з такой просьбай арыштаваць «дрэнную апазіцыянерку». Тут працуе такі дыктатарскі інтэрнацыянал, і Беларусь выканае любое пажаданне і карэйскіх таварышаў, і маскоўскіх таварышаў, і іранскіх таварышаў», – сказаў Цыганкоў.
А драконаўскія тэрміны бацькам беларусцы, якая валанцёрыць ва Украіне, эксперт патлумачыў напружанымі адносінамі паміж Кіевам і Мінскам. Дзмітрыя і Таццяну Корсакавых абвінавацілі ў «Здрадзе дзяржаве», «Незаконных дзеяннях са зброяй» і «Незаконным перамяшчэнні зброі праз мяжу». Дзмітрыя прысудзілі да 14 гадоў, Таццяну — да 12, а іх дачку Пелагею — да 11 гадоў завочна.
Паводле слоў Цыганкова, гэтая справа з’явілася на фоне рэзкіх выказванняў з Кіева ў бок афіцыйнага Мінска, а адказаць няма чым.
«Лукашэнка ўвогуле тут язык прыціснуў, пераважна маўчыць, адзін раз там нешта адказаў Зяленскаму, але ў асноўным імкнецца гэта якраз не расхістаць, бо баіцца, што насамрэч гэта можа перайсці ў нейкі ўзброены канфлікт. Ну, што яны могуць? Могуць вось якіх-небудзь сваякоў людзей, якія працуюць на карысць Украіны, якія за Украіну... Яны толькі так і могуць помсціць і адказваць», – падсумаваў палітычны аглядальнік.