Заходнія СМІ далі Пуціну яшчэ адну мянушку
- 16.06.2026, 9:50
- 6,346
Кіраўнік Крамля атрымаў яе пасля атакі на Кіева-Пячэрскую лаўру.
Пасля расійскага ўдару па Кіеве і агнявога паражэння хрысціянскай святыні — Кіева-Пячэрскай лаўры — заходнія СМІ вынеслі ў загалоўкі словы «крамлёўскі антыхрыст» у адрас Пуціна.
Прычынай стала пашкоджанне манастыра XI стагоддзя, які ўваходзіць у спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Падобную фармулёўку ўжылі шэраг заходніх выданняў, уключаючы Britains News Channel, чэшскае Seznam Zprávy і The Independent.
Фразу «крамлёўскі антыхрыст» прамовіў кіраўнік Праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Епіфаній. Ён заявіў, што свету неабходныя рашучыя дзеянні, каб спыніць расійскі тэрор супраць Украіны і прынцыпаў міру.
Нагадаем, у ноч на 15 чэрвеня расійскія войскі нанеслі па Кіеве масіраваны ўдар, скарыстаўшы беспілотнікі, балістычныя і крылатыя ракеты.
У выніку атакі 140 тысяч абанентаў засталіся без святла, а таксама пашкоджаны Успенскі сабор Кіева‑Пячэрскай лаўры.
Пацярпела Нацыянальная кінастудыя імя Даўжэнкі, дзе згарэла найбуйнейшая калекцыя касцюмаў Украіны. Разбураныя і пашкоджаныя жылыя дамы і аб’екты інфраструктуры ў дзесяці раёнах сталіцы Украіны. Паводле апошніх звестак, 25 чалавек параненыя і 4 загінулі.