Адна з беларускіх трас пачне свяціцца
- 30.06.2026, 4:59
- 1,080
Якая і навошта.
У Беларусі працягваюць шукаць новыя спосабы зрабіць дарожны рух больш бяспечным. Адзін з незвычайных праектаў ужо пачалі рэалізоўваць у Брэсцкай вобласці, паведамляе БелТА.
На трасе Р-83 Брэст – Камянец – Нацыянальны парк «Белавежская пушча» дарожнікі абсталёўваюць эксперыментальную праекцыйную падсветку.
Як расказалі ў РУП «Брэстаўтадар», работы вядуцца па ўзгадненні з абласной ДАІ.
Замест звыклага асвятлення тут выкарыстоўваюць святлодыёдныя праектары. Яны дублююць дарожныя знакі і лініі разметкі проста на асфальце.
Дзякуючы гэтаму выява застаецца яркай і добра прыкметнай нават ноччу, а таксама падчас дажджу, туману або снегападу.
Паводле задумы дарожнікаў, такая тэхналогія павінна дапамагчы вадзіцелям хутчэй заўважаць пешаходныя пераходы і іншыя важныя элементы дарогі.