Украіна паразіла адразу пяць караблёў РФ у партах Марыупаля і Бярдзянска
8- 5.06.2026, 13:22
- 5,382
Судны хадзілі з выключанымі радарамі і зафарбаванымі назвамі.
Уначы 5 чэрвеня ўкраінскія беспілотнікі атаквалі пяць суднаў у партах Марыупаля, Бярдзянска і ў прыбярэжных водах Крыму.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на допіс камандуючага Сіл беспілотных сістэм Роберта «Мадзяра» Броўдзі.
Пад удар трапілі грузавыя судны і танкеры ў партах Марыупаля і Бярдзянска, а таксама ў прыбярэжных водах часова акупаванага Крыму.
Усе мэты аб’ядноўвала адно: зафарбаваныя назвы і выключаныя радары.
Судны перавозілі:
зерне з акупаваных тэрыторый;
паліва;
вайсковыя грузы.
Каб пазбегнуць выяўлення, назвы суднаў былі зафарбаваныя, а транспондары і радары — выключаныя.
«Птушкі 1 ОЦ СБС ветліва наведалі сухагрузы і танкер. Добрая оптыка, цяжкія 100-кілаграмовыя аргументы. Працяг будзе», — напісаў Роберт «Мадзяр» Броўдзі.
Тым часам, СБС Украіны працягваюць сістэмна знішчаць флот РФ. 4 чэрвеня дроны паразілі расійскі старажавы карабель класа «Светляк» у Крыме і шэраг іншых аб’ектаў ворага.
3 чэрвеня СБС паразілі карвет «Бойкі» ў Кранштаце пад Пецярбургам — адлегласць ад мяжы Украіны складала каля 1100 кіламетраў.