У Брэсце пенсіянеру адмовілі ў абмене валюты праз падазроныя долары
1- 8.06.2026, 18:31
- 1,822
Праверце кашалькі.
У міліцыі Брэсцкай вобласці паведамілі, што 77-гадовы жыхар абласнога цэнтра хацеў абмяняць долары, але адна з купюр аказалася падазронай. Цяпер мужчыну пагражае да 7 гадоў турмы.
Банкнота аказалася падробленай — гэта паказала экспертыза. Аднак пенсіянер не ведаў, што прынёс у банк фальшывыя долары. Паводле яго слоў, ён даўно накапляў зберажэнні і не раз бываў за мяжой. Але мужчына не змог успомніць, адкуль менавіта прывёз нясапраўдныя грошы.
У УУС Брэсцкага аблвыканкама нагадалі, што за выраб, захоўванне з мэтай збыту або сам збыт фальшывых грошай прадугледжаная крымінальная адказнасць паводле арт. 221 Крымінальнага кодэкса. Пакаранне — абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.
Калі гэтыя дзеянні здзейснены паўторна, арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры, у турме можна апынуцца на тэрмін да 15 гадоў — плюс штраф.
У міліцыі параілі абменьваць валюту толькі ў афіцыйных банках. А калі вы знайшлі ў кашальку падазроную банкноту, нельга перадаваць яе далей (абменьваць, разлічвацца ў крамах і г.д.). Бо гэта ўжо злачынства.
Лепш успомніць, як купюра трапіла да вас у рукі, і звярнуцца ў бліжэйшае аддзяленне міліцыі.