Лукашысты прыдумалі чарговае «новаўвядзенне» для насельніцтва
7- 8.06.2026, 18:18
- 4,742
Цяпер узяліся за дачы.
У Беларусі хочуць забараніць аказанне паслуг па арганізацыі адпачынку, правядзенні святаў, вяселляў і іншых масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі садоўніцкіх таварыстваў. Гэта прадугледжана законапраектам, які на грамадскае абмеркаванне вынесла Мінэканомікі.
У абгрунтаванні да законапраекта Мінэканомікі ўдакладняе, што цяпер прадугледжана магчымасць здаваць дачы ў арэнду, у тым ліку ў кароткатэрміновую. Але некаторых грамадзян такое становішча спраў не задавальняе — яны пішуць скаргі ў дзяржорганы, — дадаюць у ведамстве.
«Так, пры прадастаўленні ў арэнду садовага доміка арэндар адначасова атрымлівае магчымасць выкарыстоўваць не толькі сам садовы домік, але і зямельны ўчастак, на якім размешчаны такі домік, а таксама ўсе наяўныя на зямельным участку гаспадарчыя пабудовы і іншыя збудаванні (напрыклад, лазні, альтанкі, навесы, летнія кухні і т. п.)», — удакладнілі ў Мінэканомікі.
У ведамстве дадалі, што абмежаванняў па колькасці людзей, якія адначасова могуць арандаваць садовы домік, цяпер няма. «Такое выкарыстанне нярэдка суправаджаецца прадастаўленнем паслуг па арганізацыі і правядзенні святаў, банкетаў, юбілеяў, іншых мерапрыемстваў масавага характару, што з'яўляецца крыніцай павышанага шуму (музыкі, гучных размоў, крыкаў і г. д.), забруджвання навакольнага асяроддзя дымам (мангалы, вогнішчы, тапленне лазні)», — удакладнілі ў Мінэканомікі і дадалі, што ўсё гэта «выклікае справядлівую незадаволенасць грамадзян — сябраў садоўніцкіх таварыстваў».
У гэтай сітуацыі чыноўнікі прапануюць увесці забарону на паслугі па арганізацыі забаў і адпачынку, правядзенні культурна-відовішчных і спартыўна-масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі садоўніцкіх таварыстваў.