У Расіі спынілі публікаваць рэальны рэйтынг Пуціна пасля падзення ніжэй за 30%
3- 8.06.2026, 18:51
- 2,260
Дыктатар РФ імкліва страчвае папулярнасць.
Дзяржаўны Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ) спыніў публікаваць рэйтынг даверу Уладзіміру Пуціну, які разлічваецца метадам «адкрытага апытання» — то бок калі рэспандэнтам прапануюць самастойна выбраць палітыкаў, якім яны давяраюць, загадзя не называючы расійскага прэзідэнта. Пра гэта піша The Moscow Times.
Разлічаны такім чынам рэйтынг Пуціна на пачатак красавіка ўпаў да 29,5%, самага нізкага ўзроўню з пачатку вайны, і апынуўся больш чым удвая ніжэй за рэйтынг у «закрытым» апытанні, калі ў людзей пытаюцца, ці давяраюць яны менавіта Пуціну ці не (73,8% на пачатку красавіка і 72,3% у канцы мая).
З пачатку года «адкрыты» рэйтынг даверу Пуціну знізіўся на 5,5 пункта, адносна пікаў сакавіка-2024 — на 19,5 пункта (то бок больш як на траціну), а ў параўнанні з рэкордным узроўнем 2014 года скараціўся больш чым удвая: тады пра «давер» Пуціну казалі 68% рэспандэнтаў.
«Адкрыты» рэйтынг, які раней публікаваўся раз на месяц, апошні раз быў прадстаўлены на сайце ВЦИОМ 5 красавіка (па выніках сакавіка). Даныя за красавік, якія павінны былі з’явіцца напрыканцы месяца або на пачатку мая, так і не былі апублікаваныя. Па стане на 8 чэрвеня не апублікаваны і рэйтынг за май.

Рэйтынг «адабрэння» дзейнасці Пуціна, які ВЦИOM публікуе штотыднёва, па стане на 31 мая склаў 66,6% і знізіўся другую тыдзень запар, нягледзячы на змену метадалогіі апытанняў — з пераходам да падамавых абыходаў замест тэлефонных інтэрв’ю. Мінімум «адабрэння» Пуціна з пачатку вайны ВЦИOM зафіксаваў 19 красавіка — 65,6%. Пры гэтым тэмпы падзення яго рэйтынгу — амаль 10 працэнтных пунктаў за 4 месяцы — сталі рэкорднымі з часоў пенсійнай рэформы.
На пяты год вайны з Украінай Пуцін, верагодна, апынуўся перад «камбінацыяй выклікаў», якая «беспрэцэдэнтная за ўвесь час, што ён знаходзіцца пры ўладзе», адзначае Таццяна Катсуева-Жан, дырэктар Расійска-эўразійскага цэнтра Французскага інстытута міжнародных адносін.
Пуцін завяз у вайне, якую ён не можа ні выйграць, ні спыніць, — вайне, што размывае няпісаны сацыяльны кантракт — стабільнасць і прадказальнасць у абмен на лаяльнасць, пералічвае Катсуева-Жан. Эканамічныя прагнозы становяцца больш змрочнымі, канстатуе яна, а людзей усё больш непакояць растучыя цэны і адключэнні інтэрнэту
«Эканамічная нагрузка, абмежаванні, агульнае адчуванне зацягнутай няпэўнасці складаюцца ў адну эмоцыю: «так далей жыць можна, але ўсё менш хочацца», — апісвае настроі палітолаг Ілля Грашчанкоў. У грамадстве нарастае трывога, адзначае ён: паводле даных ФОМ, пра трывожныя настроі ўпершыню за некалькі гадоў кажа больш за палову апытаных.
Пры гэтым у апошнія тыдні рэйтынгі Пуціна зніжаюцца, а рэйтынгі «адабрэння» ўрада і прэм’ера Міхаіла Мішусціна растуць — да 41,1% і 44,9%, звяртае ўвагу Грашчанкоў: «Грамадства можа быць стомленым ад агульнага фону, але пры гэтым не пераносіць гэтае раздражненне аўтаматычна на кабінет міністраў».