9 чэрвеня 2026, aўторак, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лешэк Шэрэпка: Для Беларусі ўсё можа хутка змяніцца

1
Лешэк Шэрэпка: Для Беларусі ўсё можа хутка змяніцца
Лешэк Шэрэпка

Былы пасол Польшчы ў Мінску расказаў, якая падзея можа запусціць змены ў нашай краіне.

Лешэк Шэрэпка — гісторык, дыпламат і пісьменнік, былы пасол Польшчы ў Беларусі. Ён добра ведае, як уладкаваны рэжым Лукашэнкі, а ў сваім палітычным трылеры «Беларускі снайпер» паказаў Беларусь як краіну, дзе ўлада трымаецца на страху, лаяльнасці і гвалце.

Сайт Charter97.org пагаварыў з Лешкам Шэрэпкам не толькі пра яго кнігу, але і пра ўзаемаадносіны дзвюх краін, сітуацыю ў рэгіёне і магчымыя перамены ў Беларусі.

— Ваша кніга «Беларускі снайпер» — гэта палітычны трылер пра рэжым Лукашэнкі, а таксама пра зніклых беларускіх палітыкаў, якіх забілі па загадзе дыктатара. Што вы можаце распавесці пра гэтую кнігу? Наколькі яна актуальная сёння?

— Я думаю, што яна вельмі актуальная. Яна будзе актуальная, пакуль пры ўладзе будзе Лукашэнка, бо яна дакладна апісвае ўсе метады працы гэтай сістэмы, якую ён стварыў больш як 30 гадоў таму. Вядома, гэтая сістэма не адразу была такой, як цяпер, але яна рухалася ў пэўным кірунку — усё больш у бок аўтарытарызму і таталітарызму. А ў будучыні гэтая кніга будзе ўрокам для людзей, якія жывуць у Беларусі: на каго варта рабіць стаўку.

— Вызваленне Анджэя Пачабута стала важнай падзеяй для Польшчы і Беларусі. Ці можна лічыць гэта сігналам магчымых зменаў у палітыцы Варшавы ў дачыненні да Мінска, ці рэжым Лукашэнкі проста спрабуе выкарыстоўваць палітвязняў як інструмент торгу?

— Тут асаблівы выпадак, бо калі раней Лукашэнка выпускаў палітвязняў, у яго былі нейкія ўмовы, напрыклад каб яны не пакідалі Беларусь. На гэты раз быў абмен, просты абмен — чалавек за чалавека. Калі памятаеце, сярод людзей, якія таксама атрымалі свабоду з польскага боку, быў намеснік начальніка службы бяспекі Малдовы. Такая яскравая фігура, вельмі высока знаходзіўся ў сістэме ўлады Малдовы, таму я думаю, што Лукашэнка атрымаў добрую плату за тое, што Анджэй на свабодзе.

У Польшчы заўсёды была і ёсць такая група, фракцыя, якая вельмі ўважліва сочыць за сігналамі Лукашэнкі, і калі ім здаецца, што ён зрабіў нейкі дружалюбны знак у дачыненні да Польшчы, то яны заўсёды кажуць, што «трэба пачынаць размовы, трэба спрабаваць дамовіцца з Лукашэнкам». Гэта працягваецца ўжо больш як 30 гадоў, вынік мы бачым, але я не думаю, што тут нешта зменіцца ў гэтым сэнсе.

— Усё часцей гучаць папярэджанні пра магчымую расійскую атаку на краіны Балтыі, пры гэтым Беларусь можа быць выкарыстаная як адзін з плацдармаў. Наколькі сур'ёзная гэтая пагроза і ці гатовая Польшча да такога развіцця падзей?

— Магчыма, я вас здзіўлю, але думаю, што Пуцін цяпер ставіць свечкі ў царкве, каб ніякай вайны не было. У сэнсе, каб яна не распаўсюдзілася на іншыя краіны, тым больш на краіны НАТА. Калі краіна не ў стане справіцца з адным праціўнікам, таму што расейцы завязлі ўжо больш як чатыры гады ва Украіне, бачна, што гэтая вайна можа яшчэ доўга працягвацца, бачна, што цяпер яны страцілі тыя свае перавагі, якія мелі спачатку, то які сэнс пачынаць вайну на нейкіх іншых напрамках?

Я магу гэта ўявіць толькі ў тым выпадку, калі, напрыклад, Пуцін зусім звар'яцеў і вырашыў, што ў яго няма выйсця, і трэба паставіць усё на адну карту. Можа быць, але я не думаю, што гэта прынясе яму нейкі поспех і ён пераможа — гэта немагчыма. Думаю, ён цяпер спрабуе цягнуць час і знайсці нейкі выхад з гэтай вайны, якую ён развязаў у 2022 годзе, спрабуе выцягнуць для сябе максімальную карысць з гэтай вайны. Але я быў бы вельмі здзіўлены, калі б гэта пайшло па іншым сцэнары.

— У вас ёсць кніга пра Украіну — «Украінскі гамбіт», дзеянне якой адбываецца падчас Майдану. Вы даўно сочыце за падзеямі ў гэтай краіне. Як, на ваш погляд, скончыцца вайна ва Украіне? Ці можа параза Расіі на фронце запусціць працэс перамен у самой краіне?

— Год таму я выдаў кніжку, якая называецца «Ад Белавежскай пушчы да Крыму». Яна пра знешнюю палітыку Украіны да 2014 года. Я думаю, што яна больш пасуе да гэтай сітуацыі, чым названая вамі кніга з жанру political fiction.

Я думаю, што нават найлепшыя прарокі не да канца ведаюць, чым скончыцца расійска-украінская вайна. Але бачна, што яна можа яшчэ доўга цягнуцца. Калі яна завершыцца паразай Пуціна (а я лічу, што гэта цалкам магчыма пры ўмове, што Захад крыху больш актыўна падключыцца да яе), то гэта быў бы канец не толькі Пуціна, але і ўсёй сістэмы, якую ён усталяваў у Расіі больш як 20 гадоў таму. І гэта, напэўна, паўплывала б таксама на Беларусь у пазітыўным сэнсе.

— Як вы сёння бачыце магчымасць вызвалення Беларусі ад дыктатуры Лукашэнкі? Што можа змяніць сітуацыю ўнутры краіны, з улікам вайны ва Украіне, поўнай залежнасці рэжыму ад Крамля і таго факту, што Беларусь фактычна апынулася ўцягнутай у расійскую агрэсію.

— Шчыра кажучы, я не бачу магчымасці цяпер вырашыць праблему мірным шляхам. Мірна, напэўна, не атрымаецца да таго моманту, пакуль у Расіі будзе Пуцін, і ён будзе весці вайну супраць Украіны. Калі хтосьці вядзе вайну, яму вельмі важна, каб дзесьці на флангах, ззаду быў парадак і спакой. Таму Расія ні ў якім выпадку не дапусціць, каб без яе згоды нешта змянілася ў Беларусі.

Яны могуць думаць пра тое, каб памяняць Лукашэнку на кагосьці іншага, але я заўсёды кажу, што ёсць такая прыказка: коней на пераправе не мяняюць. Мірнага шляху я не бачу. Памятаеце, якая была мабілізацыя шэсць гадоў таму пасля выбараў? На вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей. І ўсё роўна не атрымалася.

Але цяпер час змяніўся. З аднаго боку, Расія больш занята тым, каб кантраляваць Беларусь, але ў Лукашэнкі ёсць нейкая прастора для манеўру. Не ведаю, наколькі ён гэта выкарыстоўвае, ці будзе ў стане выкарыстаць. З іншага боку, сотні тысяч людзей пакінулі Беларусь — найбольш актыўных, найбольш празаходніх. Гэта крыху негатыўна паўплывала на тэндэнцыі ў самой Беларусі.

Цяпер умовы горшыя, чым было шэсць гадоў таму. Але цяпер ідзе вайна, а, ведаеце, вайна мае сваю дынаміку, усё можа хутка змяніцца. А калі зменіцца, можа быць так, што зменіцца ў добры бок для вас, і з'явіцца магчымасць гэтым скарыстацца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках