Перамога Нолана
4- Антон Долін
- 21.07.2026, 11:18
- 2,936
Гэта наймацнейшы старт за ўсю кар'еру рэжысёра.
264 мільёны долараў зарабіла «Адысэя» Крыстафера Нолана па ўсім свеце за ўікэнд. Бюджэт фільма (гіганцкі) – 250 мільёнаў.
Гэта наймацнейшы старт за ўсю кар'еру рэжысёра.
Вядома, пакуль пра акупнасць гаворкі няма, для гэтага трэба сабраць утрая больш. Але наўрад ці хто-небудзь усумніцца ў рэалістычнасці такога прагнозу.
Студыя Universal і Нолан пайшлі на неверагодную рызыку. Такі бюджэт і тры гадзіны хранаметражу, узроставы рэйтынг R, надзвычай змрочная інтанацыя – месцамі «Адысэя» амаль хорор… і такі ашаламляльны поспех.
Хто не рызыкуе, той не выйграе. У мастацтве гэтае правіла таксама працуе.
Са мной бывае: так перажываю за ўпадабаны фільм і так радуюся яго поспехам, што пачынаю гучаць як рэкламны агент, у чым мяне адразу ж пачынаюць абвінавачваць (бачыць Бог, у рэкламе «Адысэя» не мае патрэбы).
Але тут – асаблівы выпадак.
Што даказвае перамога Нолана і «Адысэі»?
Толькі адно: усе гэтыя незлічоныя сеткавыя воінствы MAGA-актывістаў, прафесійных хэйтэраў, расістаў, традыцыяналістаў, ахоўнікаў белай расы і свяшчэнных традыцый класікі (якую 99% з іх, у адрозненне ад Нолана, нават не адкрывалі) – нуль без палачкі, статыстычна нязначная памылка. Яны ўмеюць гучна крычаць і ствараць ілюзію ўсюдыіснасці, аднак ніякай большасці нідзе не прадстаўляюць.
Найбольш народны блокбастар года стаў такім насуперак іхнім прароцтвам і пагрозам. У «Адысэі» не толькі 95% адабрэння крытыкаў на агрэгатары Rotten Tomatoes (сярэдняя ацэнка на падставе 384 рэцэнзій), але і 97% адабрэння гледачоў – самых звычайных людзей, што купляюць квіткі ў кіно.
Людзі ідуць на Нолана не таму, што «хайп і раскрутка». Фільм ім вельмі падабаецца.
Начытаўся і крытыкі з іншага боку – ад інтэлектуалаў, якія штудыявалі Гамера і многае іншае. Для многіх з іх фільм Нолана, быццам, недастаткова вытанчаны, арыгінальны і глыбокі.
Ніяк не магу згадзіцца. На маю думку, трактоўка Нолана надзвычай актуальная і самабытная, прычым гэта датычыць і кастынгу, і сцэнарыя, і лексікі, і касцюмаў з дэкарацыямі. Але пра гэта я падрабязна пісаў у «Медузе», паўтарацца няма сэнсу.
Блокбастар – спецыфічная мастацкая форма.
Немагчыма ўсталяваць на гарадской плошчы статую з кардону або фарфору – толькі з каменю ці металу.
Немагчыма склаць верш для завучвання на памяць мільёнамі, ужываючы гекзаметр (прынамсі, у XXI стагоддзі).
Немагчыма стварыць візуальны вобраз, які будуць пазнаваць мільёны, звяртаючыся да нефігуратыўнай абстракцыі (за выключэннем «Чорнага квадрата» Малевіча).
Немагчыма напісаць шлягер, карыстаючыся мікратанальнай тэхнікай.
Як для блокбастара, «Адысэя» неверагодна авангардная. Чаго толькі вартыя аўлосы, ліры і бронзавыя гонгі ў саўндтрэку.
Антываенны пафас у фільме пра найзнакамітую ў гісторыі вайну – Траянскую – гэта крута. Ператварэнне легендарнага героя, па сутнасці, у антыгерая – яшчэ круцей.
Так, аўтарскі кінематограф дазваляў сабе падобную рэвізію шмат разоў. Але на яго ніколі не будуць хадзіць мільёны гледачоў. У дадзеным выпадку памер і маштаб маюць значэнне. Яшчэ якое.
Фільм Нолана можа выклікаць любую рэакцыю, аж да рэзкага адторгнення – гэта нармальна для радыкальнага мастацтва. Проста майце на ўвазе: падабаецца вам гэтая «Адысэя» ці не, яна ўжо стала з'явай маскультуры. Для абсалютнай большасці гледачоў па ўсім свеце несмяротны эпас Гамера нарадзіўся нанова менавіта ў гэтай форме, якая надоўга заслоніць любыя іншыя яго ўвасабленні. Прынамсі ў кіно.
Мэт Дэйман стаў Адысеем, а Адысей адныне мае твар Мэта Дэймана. Гэта не ацэнка, гэта факт.
Антон Долін, Telegram