3 лiпеня 2026, Пятніца, 10:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка брэдзіў у Інданезіі

16
Як Лукашэнка брэдзіў у Інданезіі

Лектару таварыства «Веды» заўсёды ёсць што сказаць.

На сустрэчы з прэзідэнтам Інданезіі Правоба Субіянта Аляксандр Лукашэнка адразу вырашыў зайсці з козыраў. Кароценька, хвілін на сорак, а болей і не трэба, прачытаў яму лекцыю пра гістарыка-геаграфічнае становішча. То-бок растлумачыў, дзе знаходзіцца Беларусь, і распавёў, як змагаўся за інданезійскую незалежнасць яшчэ ў 1948 годзе. Бо ў лектара таварыства «Веды» заўсёды знойдзецца, што сказаць. Нават калі яму ўвогуле няма чаго сказаць.

«Я хачу падкрэсліць, што Беларусь з'яўляецца цэнтральнай дзяржавай у Еўропе», — пачаў Лукашэнка.

Далей давялося тлумачыць на пальцах. Бо гэтым разам ілюстратыўным матэрыялам Лукашэнку не забяспечылі. Усё ж такі паказаць, адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне, было прасцей. Але вопытны лектар таварыства «Веды» справіўся.

То-бок, кажа, глядзіце, тут будзе Ла-Манш, зразумела? Тут Уральскія горы, understand? Гэта ў нас завецца Еўропа. А пасярэдзіне, паміж Ла-Маншам і Уральскімі гарамі, Беларусь. Вось роўненька, роўненька пасярэдзіне. Тыкайце ў цэнтр і не прамахнецеся. Бо пасярэдзіне — гэта там, дзе ў цэнтры. А дзе сярэдзіна — там Беларусь. Таму што з гэтага вынікае? З гэтага вынікае, што:

«Менавіта ў Беларусі знаходзіцца цэнтр Еўропы».

А з цэнтра да астатняй Еўропы ўжо рукой падаць. Бо гэта ж цэнтр. Трэба разумець. Таму «вы можаце з тэрыторыі Беларусі працаваць у Еўропе». А з іншай тэрыторыі вы ў Еўропе працаваць не зможаце. Бо там цэнтра няма. Жалезная лагіка.

Вось так шырокімі мазкамі абмаляваўшы сваё сучаснае геаграфічнае становішча, Лукашэнка вырашыў распавесці прэзідэнту Інданезіі гісторыю інданезійскай барацьбы супраць каланіяльнага прыгнёту. Ну, бо мала што, раптам прэзідэнт Інданезіі не ў курсе, як у іх там цяпер з каланіяльным прыгнётам. Дык Лукашэнка яму патлумачыў.

«Вы паспяхова з гэтай праблемай справіліся», — сказаў ён.

А пра тое, як Беларусь у 1948 годзе змагалася за інданезійскую незалежнасць, прэзідэнт Інданезіі дакладна не ў курсе. А Беларусь змагалася. Не горш, чым Лукашэнка цяпер змагаецца за мір ва ўсім свеце.

«Беларуская дэлегацыя з першых сесій Генеральнай Асамблеі ААН выступала катэгарычна супраць каланіяльнага прыгнёту Інданезіі, — сказаў Лукашэнка. — І патрабавала спынення спроб задушыць інданезійскую незалежнасць ваенным шляхам».

То-бок, калі б беларуская дэлегацыя не патрабавала ў 1948 годзе, дык інданезійскую незалежнасць задушылі б ваенным шляхам. Але беларуская дэлегацыя катэгарычна запатрабавала, таму і не задушылі. Адпаведна, інданезійскі народ, атрымліваецца, абавязаны Аляксандру Лукашэнку па гроб жыцця.

Дык што нават паміж беларускім і інданезійскім народам можна адшукаць глыбокія гістарычныя сувязі. І нават дзе-небудзь закапаныя карані. Галоўнае — ведаць, дзе шукаць. Ну і, вядома, вопыт лектара таварыства «Веды» лішнім не бывае. На пенсіі гэты вопыт, дарэчы, таксама вельмі б спатрэбіўся. Але для гэтага трэба было ўсё ж такі разціснуць сінія пальцы.

Андрэй Бранішэўскі, planbmedia.io

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках