«Вось яна, расплата»
8- 3.07.2026, 8:44
- 6,548
Z-блогер Калашнікаў у трывозе з-за ўкраінскай балістыкі.
Заява Мінабароны РФ пра нібыта перахоп у Падмаскоўі ўкраінскай балістыкі выклікала сур'ёзныя хваляванні ў шэрагах Z-патрыётаў. Прапагандыст Максім Калашнікаў прагназуе магутныя ўдары па тылах РФ ужо найбліжэйшай восенню. Пра гэта ён напісаў у сваім блогу ў Telegram, перадае «Дыялог».
«Калі 1 ліпеня СПА ў Падмаскоўі збіла ўкраінскую балістычную ракету (відаць, ФП-9 кампаніі «Файрпойнт», 800-кілаграмовая БЧ, далёкасць — 885 км), то гэта якасна змяняе вайну. Так, баявая частка такой ракеты — не ядзерная, але…» — напісаў Калашнікаў.
Ён адзначыў, што над расійскімі НПЗ, насоснымі станцыямі трубаправодаў, ваеннымі прадпрыемствамі навісла «вялізная пагроза».
«Панцыры» супраць балістыкі бяссільныя, як і сеткі. А зенітныя комплексы «С-400» прыкрываюць толькі Маскву, Крымскі мост і рэзідэнцыю кіраўніка Крамля на Валдаі. Астатняя тэрыторыя Расіі засталася без абароны.
«Адным словам, (украінскі лідар Уладзімір Зяленскі — рэд.) атрымлівае на ўзбраенне аналаг «Фаў-2» («зброі адплаты»). Але ў два з лішнім разы больш дальнабойная і незмерана больш дакладная. Ну, начальнічкі РФ, вас жа папярэджвалі… Вось яна, расплата — бліз ёсць пры дзвярах. Так, нешта будзе ў жніўні — верасні, чуе мой барометр», — канстатаваў Z-патрыёт.