3 лiпеня 2026, Пятніца, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Знайшліся продкі, пра якіх не ведалі нават бацькі»

2
«Знайшліся продкі, пра якіх не ведалі нават бацькі»

Беларуска шукала польскія карані і вывучыла гісторыю сям'і.

Яўгенія пачала шукаць польскія карані пасля простага пытання малодшай дачкі: як звалі бабуль. У сям'і было шмат каталіцкіх традыцый, адна бабуля малілася па-польску, а Вялікдзень адзначалі толькі паводле каталіцкага календара. Здавалася, дакументы мусяць пацвердзіць польскае паходжанне. Але 15 гадоў пошукаў у архівах прывялі да іншага выніку: польскія карані Яўгеніі так і не атрымалася даказаць, затое яна знайшла продкаў, пра якіх у сям'і ўжо ніхто не памятаў, піша Most. Імя гераіні і прозвішчы родаў змененыя.

Яўгеніі амаль 70 гадоў. Яе малодшая дачка больш за 20 гадоў жыве ў Канадзе, старэйшая ўжо амаль пяць гадоў у Польшчы. Да пачатку пошукаў сямейная памяць трымалася на абрыўках. Пра дзеда па бацькоўскай лініі казалі, што ён быў лятчыкам і загінуў падчас Другой сусветнай вайны, але пазней высветлілася: памёр ён у самым пачатку ваенных дзеянняў. Не ведала Яўгенія і дзявочага прозвішча бабулі з боку бацькі. Калі знайшла шлюбны абшук (пісьмовы акт), бацька спачатку спрачаўся, што гэта памылка, а потым здаўся: «А чорт яго ведае».

«Вялікдзень адзначалі толькі каталіцкі»

За простым пытаннем дачкі хутка адкрылася большае: чаму ў сям'і столькі польскага і каталіцкага?

Бабуля Яўгеніі з боку маці добра ведала польскую і чытала малітвы на гэтай мове, калі адпявалі нябожчыкаў. У вёсцы, дзе жылі яе бабуля і дзядуля, амаль усе былі католікамі.

— Вялікдзень адзначалі толькі каталіцкі. Даведалася, што ў людзей бывае і іншы Вялікдзень, гадоў у 12–13, — успамінае жанчына.

Праваслаўных хавалі не на мясцовых могілках, а вазілі ў іншую вёску. Новы год не адзначалі, адзначалі Каляды. Пра Радаўніцу не ведалі, затое пасля Вялікадня быў «дзень смяротных», дзень памяці памерлых.

Нават імёны ў вёсцы гучалі як асобны свет: Стась, Зыгма, Ромцік, Бронька, Альбін, Караліна, Сонька, Ядзя.

Усё гэта падштурхоўвала Яўгенію да думкі, што, магчыма, у сям'і ёсць польскія карані.

«Родзічы круцілі пальцам каля скроні»

У 2010 годзе Яўгенія пачала ездзіць у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску. Супрацоўнікі чытальнай залы дапамагалі разабрацца, да якога павета і воласці адносіліся вёскі, дзе жылі продкі.

— Ездзіла два разы на месяц па пяць дзён кожны раз. Родзічы круцілі пальцам каля скроні, калі казала, што еду ў архіў, — успамінае жанчына.

Першую гілку пачала з продкаў па лініі бацькі: праваслаўных сялян з Мінскай губерні. У архіве Яўгенія пазнаёмілася з іншымі людзьмі, якія таксама шукалі свае карані, а пазней прыйшла на генеалагічны форум ВГД (Усерасійскае генеалагічнае дрэва). Там дапамагалі перакладаць запісы з лацінскай і польскай, дзяліліся дакументамі і падказкамі.

— Калі знаходзіш аднаго продка, потым думаеш: а раптам яшчэ ў іншых дакументах нешта будзе пра яго бацьку ці маці? — кажа Яўгенія.

З цягам часу пошук польскіх каранёў стаў шырэйшы. Яўгенія ўжо не проста шукала запіс пра нацыянальнасць, а аднаўляла ўсе гілкі сям'і.

У пошуках «сваіх палякаў» яна дайшла да пачатку XIX стагоддзя. У касцёльных запісах знайшла смерць свайго прапрапрапрапрадзеда: ён памёр у 1809 годзе ў 25 гадоў. Потым адшукала запісы пра нараджэнне яго двух сыноў. Адзін з іх, народжаны ў 1808 годзе, аказаўся яе прамым продкам.

А далей след абарваўся: патрэбныя метрычныя кнігі не захаваліся.

— Страціла ўсякую надзею, што яшчэ нешта знайду, — успамінае Яўгенія.

Жанчына адзначае, што генеалагічны пошук рэдка ідзе па прамой. Калі не захаваліся метрычныя кнігі, даводзіцца правяраць іншыя дакументы: рэвізскія сказкі, пасемейныя спісы, спісы мяшчан, судовыя і дваранскія справы. Так Яўгенія пачала шукаць не толькі канкрэтных людзей, але і прозвішчы, якія сустракаліся ў сямейнай гісторыі.

Менавіта ў дваранскіх справах з'явіліся першыя гербы. Па гілцы Верозэмбскіх Яўгенія знайшла справу сям'і сваёй прабабулі. У ёй быў указаны склад сям'і: бацька, яго браты і іншыя сваякі. Там жа было апісанне герба. Яно супала з гербам «Ляліва».

Па іншай гілцы, Давыдовічаў, яна знайшла магчымую сувязь з гербам «Трубы». Але гэтую лінію Яўгенія пакуль не лічыць даказанай: у дакументах ёсць падобныя імёны, аднак поўнай упэўненасці, што гэта менавіта яе прамыя продкі, няма.

Каб праверыць версію, Яўгенія шукала Давыдовічаў і ў пазнейшых спісах мінскіх мяшчан. Калі сям'я не змагла пацвердзіць дваранства, яе прадстаўнікі маглі праходзіць ужо як мяшчане. У спісах за 1882 і 1894 гады такія сем'і ёсць, але звязаць іх са сваёй лініяй Яўгенія пакуль не можа.

Самай эмацыйнай знаходкай сталі нават не гербы. На генеалагічным сайце, які многія называюць «сайтам мармонаў», Яўгеніі некалькі разоў трапляўся адзін архіўны запіс. З тэлефона яе было дрэнна відаць, і яна адклала дакумент «на потым».

Калі пазней яна адкрыла запіс на вялікім экране, высветлілася, што гэта запіс пра нараджэнне дзіцяці ў сям'і мінскага мяшчаніна, якога Яўгенія ўжо сустракала ў іншых дакументах. Так удалося звязаць некалькі пакаленняў сваякоў, якія да таго існавалі для яе асобна.

— Гэта быў шок, — кажа жанчына.

Пасля гэтага за адну ноч Яўгенія адшукала запісы пра нараджэнне свайго прадзеда і іншых дзяцей у гэтай сям'і.

— Пазней я выявіла яшчэ адзін важны дакумент: у 1868 годзе гэтага продка перавялі ў праваслаўе. Яго жонка ў метрычнай кнізе была запісаная «рымлянкай». Так тады маглі абазначаць жанчыну рымска-каталіцкага веравызнання, — успамінае Яўгенія.

Гербы і пластыкавая карона

Калі ў сям'і даведаліся пра дваранскія гілкі, рэакцыя была нечаканай. Муж сястры сказаў, што «заўсёды адчуваў, што ягоная жонка з дваран, дужа ўжо выхаваная». А родны брат Яўгеніі купіў дзіцячную пластыкавую карону і часам прыходзіў у ёй на сямейныя святы.

— Вельмі вясёлая ў нас сям'я, — усміхаецца Яўгенія.

Сама яна кажа, што асаблівага захаплення ад гербаў ужо не адчула. На той момант важнейшымі былі не сімвалы, а людзі за імі: імёны, шлюбы, дзеці, пераходы з адной канфесіі ў іншую, вёскі, дзе яны жылі.

Чаму польскія карані не пацвердзіліся

Яўгенія адзначае, што самае парадаксальнае ў гэтай гісторыі — польскі след. Ён у сям'і ёсць, але дакументальна пацвердзіць яго не атрымалася.

У пасемейных спісах за 1926 год у родных братоў нацыянальнасць указана па-рознаму: у кагосьці «паляк», у кагосьці «беларус». У пасляваенных пасемейных спісах сельсавета, дзе жылі бабуля і дзядуля Яўгеніі, за 1944–1946 гады сітуацыя падобная. Толькі ў спісах выбаршчыкаў за 1930 год у ўсіх пазначана нацыянальнасць «паляк».

Але ў метрычных кнігах пры нараджэнні і хрышчэнні нацыянальнасць звычайна не пазначалі. У рэвізскіх казках таксама.

Яшчэ адзін шлях вёў праз рэпрэсаваных сваякоў. У абедзвюх галінах сям'і былі людзі, якія, паводле слоў Яўгеніі, дагэтуль не рэабілітаваныя.

Праблема была і ў ланцужку сваяцтва. Каб пацвердзіць сувязь, патрэбныя былі дакументы ад маці да бабулі і прабабулі. Пасведчанняў аб шлюбе, якія маглі б гэта звязаць, у Яўгеніі не было.

— Крыўдна тады не было, што не ўдалося падцвердзіць польскія карані. Ніхто не думаў пра тое, што камусьці давядзецца вымушана шукаць «іншую радзіму», як маёй старэйшай дачцэ, — дзеліцца Яўгенія.

«Знайшліся продкі, пра якіх не ведалі нават нашы бацькі»

За 15 гадоў Яўгенія так і не атрымала дакумента, які мог бы пацвердзіць польскае паходжанне. Але яна не лічыць пошук няўдалым.

— Вынік ёсць — знайшліся продкі, пра якіх не ведалі не толькі мы, але і нашы бацькі, — кажа жанчына.

Яна згадзілася б прайсці гэты шлях ізноў, хаця шукаць стала складаней: пэўныя рэсурсы цяпер недаступныя з Беларусі, а архіўная праца патрабуе больш намаганняў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках