У Варшаве пройдзе пяты юбілейны фестываль беларускай музыкі Graj
- 30.07.2026, 12:16
Арганізатары назвалі хэдлайнераў.
5 верасня ў варшаўскім клубе Niebo пройдзе юбілейны, ужо пяты фестываль беларускай музыкі Graj. Пра гэта сайту Charter97.org паведамілі арганізатары мерапрыемства.
За пяць гадоў фестываль стаў адной з ключавых культурных падзей для беларускай супольнасці ў Польшчы і па-за яе межамі. Штогод ён збірае вядомых музыкаў і сотні прыхільнікаў жывой музыкі, ствараючы прастору для сустрэч, творчасці і натхнення.
Сёлета на сцэне Graj выступяць:
Volski;
J:Морс;
Dzieciuki;
«Дай Дарогу!»;
«Разбітае Сэрца Пацана».
Арганізатары абяцаюць яскравы, шчыры і максімальна беларускі вечар.
Акрамя музычнай праграмы, на фестывалі будзе працаваць арт-маркет, дзе госці змогуць набыць унікальныя вырабы беларускіх майстроў.
Таксама адбудзецца дабрачынны аўкцыён. Яго ўдзельнікі змогуць падтрымаць беларускіх аўтараў і творчыя ініцыятывы.
Фестываль адбудзецца 5 верасня 2026 года ў клубе Niebo па адрасе: Nowy Świat 21c, Варшава. Пачатак — а 17:00.
Graj 2026 стане месцам, дзе можна сустрэцца з сябрамі, пачуць любімых выканаўцаў і правесці вечар на адной з галоўных беларускіх музычных падзей года.
Квіткі можна набыць па спасылцы.
