Украіна ўпершыню экспартавала гатовыя баявыя беспілотнікі
- 31.07.2026, 18:09
Армія ЗША атрымала 2000 FPV F10.
Украінская кампанія F-Drones завершыла пастаўку 2000 ударных FPV-дронаў F10 у ЗША ў межах першай фазы праекта Drone Dominance, які рэалізуецца для Міністэрства абароны ЗША. Пра гэта паведамляецца у сацсетках кампаніі.
«Уся партыя ўжо дастаўлена амерыканскаму боку і цяпер праходзіць афіцыйную працэдуру прыёмкі. Пасля паспяховага завяршэння гэтай працэдуры першы кантракт будзе лічыцца цалкам выкананым. Гэта першы выпадак, калі Украіна афіцыйна дазволіла экспарт гатовых баявых беспілотнікаў украінскай вытворчасці. Да гэтага экспартныя дазволы датычыліся пераважна асобных тэхналогій, кампанентаў або паслуг», — паведамілі ў кампаніі.
Як адзначылі ў F-Drones, паводле вынікаў выпрабаванняў у ЗША беспілотнікі ўвайшлі ў лік пераможцаў адбору сярод 25 удзельнікаў.
«Шлях да кантракта пачаўся ў лютым 2026 года, калі амерыканская кампанія UDD Tech Corp, якая прадстаўляе прадукцыю F-Drones у ЗША, узяла ўдзел у першым этапе праграмы Drone Dominance — Gauntlet I. Выпрабаванні праходзілі на ваеннай базе Форт-Бенінг (штат Джорджыя), дзе амерыканскія вайскоўцы ацэньвалі перспектыўныя ўдарныя беспілотныя сістэмы. Паводле вынікаў выпрабаванняў украінскі F10 заняў 6-е месца сярод 25 удзельнікаў, увайшоў у лік 11 пераможцаў і атрымаў кантракт на пастаўку 2000 беспілотнікаў у межах першай фазы праекта. Акрамя таго, кампанія UDD Tech Corp была адабраная для ўдзелу ў наступным этапе праграмы — Gauntlet II», — адзначылі ў F-Drones.
У кампаніі падкрэслілі, што гэты кантракт сведчыць пра тое, што ўкраінскія баявыя тэхналогіі адпавядаюць патрабаванням ЗША.
«Для выканання кантракта 1 ліпеня 2026 года Дзяржаўная служба экспортнага кантролю Украіны выдала дазвол на экспарт партыі ўдарных беспілотнікаў F10 у ЗША. Кампанія прайшла поўны цыкл узгадненняў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам у сферы дзяржаўнага экспортнага кантролю і атрымала станоўчае рашэнне Міжведамаснай камісіі па палітыцы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і экспортнага кантролю. Гэта больш, чым проста выкананне асобнага кантракта. Гэта пацвярджэнне таго, што ўкраінскія баявыя тэхналогіі адпавядаюць патрабаванням аднаго з самых патрабавальных ваенных заказчыкаў у свеце. Так увасабляецца ў жыццё стратэгічнае партнёрства Украіны і ЗША», — падкрэслілі ў F-Drones.
Акрамя таго, у кампаніі адзначылі, што гэты праект дэманструе: украінскія вытворцы здольныя не толькі ствараць тэхналогіі, правераныя ў рэальных баявых умовах, але і праходзіць складаныя працэдуры экспортнага кантролю, а таксама выконваць міжнародныя абаронныя кантракты ў адпаведнасці з самымі высокімі стандартамі.