31 лiпеня 2026, Пятніца, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расіі цэны на тавары на маркетплэйсах каласальна ўзляцелі

У Расіі цэны на тавары на маркетплэйсах каласальна ўзляцелі

Пасля удараў па складах Wildberries.

У РФ тавары на маркетплэйсах, у першую чаргу на Wildberries, літаральна за некалькі дзён падаражэлі на 10–30%, расказалі сэлеры і пакупнікі, піша The Moscow Times.

«Гляджу на тыя тавары, што ляжалі ў кошыку. Замаўляла на мінулым тыдні за 1600 рублёў, а цяпер ужо 2100. Узляцелі на 30%!», — распавядае прадпрымальніца, якая і прадае, і купляе тавары на WB. Пра такія выпадкі кажуць і іншыя пакупнікі, якія раней выбралі тавар, але не паспелі аплаціць яго да пачатку масаваных атак дронаў на склады маркетплэйса. Падаражанне па сваіх «кошыках» яны ацэньваюць у 10–35%.

Сэлеры, якія гандлююць на платформе, таксама заўважылі, што іх тавары падаражэлі на 3–30%. Пры гэтым яны запэўніваюць, што самі цэны не змянялі: іх рост звязаны з адменай зніжак, якія WB даваў на тавары. У маркетплэйса ёсць права кіраваць цаной тавару падчас акцый без узгаднення з сэлерам, калі зніжка прадастаўляецца за кошт платформы. З падаражаннем тавару, не выкупленага своечасова, можна было сутыкнуцца і раней: сёння ёсць зніжка, а заўтра — няма, але цяпер заўважная масавая адмена зніжак, адзначаюць сэлеры.

«WB проста цяпер адмяніў практычна ўсе акцыі, якія праводзіў за свой кошт. Гэта, увогуле, можна зразумець: ён змагаецца за аднаўленне лагістыкі і яму трэба будзе кампенсаваць шкоду ад згарэлых складаў. Але вынік такі: усё прыкметна падаражэла», — тлумачыць буйны сэлер, які працуе на чатырох вядучых маркетплэйсах Расіі. За дзве тыдні былі атакаваныя 16 складаў WB.

Тое, што яе лагістыка церпіць, бачна па павялічаным тэрміне дастаўкі амаль усіх тавараў. У дзесяці апытаных сэлераў ён павялічыўся з 2–4 дзён да амаль дзесяці дзён. «Выкупаў стала прыкметна менш, бачна, што да пакупнікоў даходзіць тавар, які да 20-х чыслаў ліпеня ўжо быў у дарозе ў ПВЗ або паступіў у пункты выдачы», — распавядае прадавец тавараў для дома. «У нас у ПВЗ WB цяпер амаль няма тавару, там кажуць, што з-за пажараў на складзе вялікія затрымкі, уся дастаўка перагружаная», — апісвае сітуацыю жыхарка падмасковых Мыцішчаў.

З 18 па 31 ліпеня ўкраінскія дроны атакавалі склады WB плошчай больш за 1 млн кв. м, а гэта не менш як 15% лагістычнай інфраструктуры кампаніі RWB, якая кіруе маркетплэйсам, падлічыў эксперт брокерскай кампаніі, што займаецца складской нерухомасцю. «У кампаніі застаецца шмат іншых складскіх аб’ектаў, яна можа арандаваць тыя, якіх бракуе, бо на рынку дастаткова прапаноў, але ад удараў беспілотнікаў пацярпелі яе найбуйнейшыя цэнтры, што не магло не адбіцца на лагістыцы», — тлумачыць эксперт.

Услед за WB падаражалі тавары і на Ozon, запэўніваюць сэлеры, хоць яго лагістычная інфраструктура пакуль не пацярпела. Яе атакаваць складаней: яна больш разгалінаваная, чым у WB, тлумачылі аналітыкі Альфа-Банка. Па іх ацэнцы, на найбуйнейшы склад Ozon прыпадае ўсяго 2% ад агульнай плошчы, і для істотнага эфекту патрэбныя метадычныя сканцэнтраваныя атакі на працягу пэўнага часу менавіта па складах Ozon, у ЗСУ пакуль няма такіх магчымасцяў.

«Як звычайна ў такіх выпадках, значныя дзеянні WB паўтараюць яго асноўныя канкурэнты. Мы бачым, што на Ozon таксама урэзалі зніжкі», — распавядае сэлер, які працуе на двух маркетплэйсах. Ozon моцна скараціў зніжкі «ад сябе», пацвярджае іншы сэлер, з-за чаго ў гэтага прадпрымальніка па некаторых таварах (адзенні і абутку) памер камісіі перавысіў 60%. «У выніку продажы цяпер моцна праселі не толькі на WB, але і на Ozon», — распавядае ён.

WB кампенсуе сэлерам частку страт ад згарэлых тавараў. 30 ліпеня яна завяршыла другі транш такіх выплат: паводле яе паведамлення, іх атрымалі 175 тыс. дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў. Тыя лічаць выплаты несур’ёзнымі: яны пакрываюць толькі нязначную частку іх страт. «Першы раз мне выплацілі за згарэлыя 50 адзінак тавару 30 тыс. рублёў — чвэрць ад сабекошту, а другі раз — 20 тыс. за 500 адзінак таго ж тавару. Як гэта разумець — незразумела. Магчыма, канечне, згарэла не ўсё, але інфармацыі пакуль больш няма», — распавёў адзін з атрымальнікаў выплат. «Гэта не кампенсацыя, а менавіта выплаты для падтрымкі бізнесу», — лічыць саўладальнік мэблевай фабрыкі «Уютная среда» Аляксей Ніконаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках