«Аэрафлот» і Belavia запусцілі адзіныя білеты
- 4.07.2026, 17:13
- 1,000
Цяпер праз Мінск можна лятаць у тры краіны.
Пасажыры, якія следуюць з Расіі, змогуць купіць адзіны білет на два самалёты розных авіякампаній, паведамілі ў «Аэрафлоце», заўважыў Office life.
Прапанова дзейнічае для падарожжаў у тры краіны.
Таксама па адзіным білеце можна будзе выляцець з Мінска, Гомеля, Брэста і Магілёва. Расказваем падрабязнасці.
Belavia і «Аэрафлот» заключылі інтэрлайн-пагадненне. Такім чынам, пасажыры з Расіі змогуць лятаць у Грузію, Ізраіль і Туркменістан праз Мінск па адзіным білеце.
Гэта датычыцца рэйсаў у Тбілісі, Кутаісі, Батумі, Тэль-Авіў і Туркменбашы.
Да Мінска пасажыры дабяруцца рэйсам «Аэрафлота», а далей іх даставіць Belavia.
Але карыстацца новай паслугай можна будзе не толькі з РФ. Пагадненне актуальнае і для перавозак з Мінска, Гомеля, Брэста і Магілёва ў Маскву або Санкт-Пецярбург. Там можна будзе перасесці на рэйсы «Аэрафлота».
Пры гэтым адзіны білет можна аформіць па двух тарыфах — з багажом і без.
Падобнае не атрымаецца пры палёце ў/з Туркменістана. Тут у любым выпадку давядзецца аформіць білет з багажом.
Рэгістрацыя на рэйсы будзе скразная. Пасажыры змогуць здаць багаж і атрымаць пасадачныя талоны да канчатковага пункта.