Памёр першы пасол Беларусі ў Германіі Пётр Садоўскі
2- 6.07.2026, 8:01
- 1,748
Фота: nashaniva.com
Яму было 87 гадоў.
Пра смерць беларускага дыпламата Пятра Садоўскага паведаміла у сацсетках яго дачка Аліна.
«Сябры, позна ўвечары ў хоспісе памёр мой бацька, аўтар кнігі «Мой Шыбалет» Пётр Садоўскі. Развітанне заўтра, паведамлю дадаткова», — напісала яна.
87‑гадовы Пётр Садоўскі — выбітны беларускі мовазнавец, які ў 1990‑я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета, а пазней — першым паслом Беларусі ў Германіі.
Ураджэнец Полацчыны, дзіця вайны, ён страціў у той вайне бацьку-партызана, які памёр у яго на вачах. Адучыўшыся ў Сувораўскім вучылішчы, ён пазней з вайсковага шляху перайшоў у лінгвістыку — да таго ж у Сувораўскім яму выкладаў выбітны перакладчык і афіцэр-франтавік Язэп Семяжон.

Пётр Садоўскі вывучаў і выкладаў замежныя мовы, працаваў у Інстытуце замежных моў, Акадэміі навук і перакладчыкам на розных прадпрыемствах Мінска.
Любоў яго жыцця — гэта беларуская мова, а яго асабісты рай — паўночнабеларускія гаворкі, якія яго ўскалыхнулі і якія ён ведае лепш за ўсіх ва ўсім свеце.

Садоўскі быў адным з падпісантаў першых лістоў у абарону беларускай мовы і культуры — хадайніцтваў, якія яшчэ дасылаліся ў Маскву. Пазней ён быў адным з заснавальнікаў Народнага Фронту і трыумфальна перамог у адной з мінскіх акруг на свабодных выбарах 1990 года. Садоўскі быў настолькі аўтарытэтным чалавекам, што ў парламенце, дзе БНФ быў у меншасці, яго абралі старшынём камісіі па міжнародных справах.
Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ў 1992 годзе яго прызначылі першым у гісторыі паслом нашай краіны ў Германіі. Пасольства там ствараў з нуля.

У 2019 годзе 80‑гадовага Садоўскага судзілі і аштрафавалі за выступ супраць інтэграцыі з Расіяй, у абарону незалежнасці, на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Рэдакцыя сайта Charter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім Пятра Садоўскага.