«Пра гэта сведчыць і іранічная фраза Сі Лукашэнку»
1- 6.07.2026, 8:26
- 3,854
Візіт дыктатара ў Пекін — фармальнасць.
Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык распавёў пра мэту візіту кіраўніка Беларусі ў Кітай.
— Вакол візіту Лукашэнкі ў Пекін абмяркоўваліся дзве версіі. Першая — ён паляцеў шукаць выратавання ў сувязі з эскалацыяй адносін з Кіевам і імкненнем Пуціна ўцягнуць яго ў вайну, — піша Навумчык. — Другая: ён прывёз Сі пасланне ад Пуціна пра магчымасць ужывання тактычнай ядзернай зброі — або супраць Украіны, або супраць краін НАТА.
...Каб пракансультавацца наконт ужывання ядзернай зброі, Пуціну не патрэбныя паслугі Лукашэнкі ў якасці пасланца або кур’ера. І калі ўявіць, што ядзерны ўдар будзе наносіцца з тэрыторыі Беларусі (што цалкам верагодна), Лукашэнка даведаецца пра гэта за пяць хвілін да пуску ракет. У бункер ён, напэўна, спусціцца паспее. А вось да аэрапорта дабрацца — сумняваюся.
Эскалацыя з Украінай нарастала цягам тыдня, а візіты да кіраўніка звышдзяржавы рыхтуюцца не за тыдзень і нават не за месяц.
Здавалася, што выпускны сына Лукашэнкі Мікалая ў пекінскім універсітэце пакладзе канец версіям — але ж не.
Сітуацыя, хутчэй за ўсё, была такая. Пра выпускны, ясна, было вядома за паўгода, не наведаць яго Лукашэнка, з яго стаўленнем да малодшага сына, ясна, не мог. Тады ж і быў заплянаваны візіт і ўзгодненая сустрэча з Сі — у кіраўніка Кітая не было прычын не выдаткаваць гадзіну-паўтары на сустрэчу з Лукашэнкам, чаму б і не сустрэцца.
Сустрэча чыста фармальная, пра што сведчыць і першая іранічная фраза Сі — «Што, адразу з Мінска?» (лічыць, што Сі не ведаў, адкуль прыляцеў ягоны візаві, — трэба альбо самому быць ідыётам, альбо лічыць такім Сі. Сі — не ідыёт).
А словы пра «жалезную дружбу», «падтрымку суверэнітэту» — традыцыйныя фразы кітайскіх кіраўнікоў, якія даўно абралі стратэгію «мяккай сілы» і ў эканоміцы, і ў палітыцы.
Усё.
Дадам яшчэ, што калі б Пуцін і папярэдзіў Лукашэнку пра ядзерны ўдар з удзелам Беларусі, Лукашэнка насамрэч убачыў бы перад сабой брамы пекла і вельмі хуткі і непазбежны ўласны фінал.
У такой сітуацыі можна дапусціць, што ён паляцеў бы ратавацца да Сі — але акрамя словаў пра «суверэнітэт» і «жалезную дружбу» мы пачулі б і нешта вельмі акуратнае кшталту «недапушчальнасці выкарыстання ядзернага арсеналу ў канфліктах».
Кітай сапраўды, тут трэба аддаць яму належнае, адхіляе магчымасць ядзернай агрэсіі і не дазваляе сабе лексікі, якая стала для крэмлёўскіх гопнікаў нормай паводзінаў.
А яшчэ варта дадаць: тое, што інфармацыя пра палёт Лукашэнкі на выпускны сына не прасочылася ні ў экспертную супольнасць, ні ў структуры тытульнай апазіцыі, — сведчыць пра абсалютную герметычнасць і МЗС, і структур дзяржаўнага апарата.
У дэмакратычнай краіне, зразумела, гэта не было б сакрэтам (калі дапусціць, што лідар такой краіны скарыстаўся б для гэтага бортам № 1). Ды і ў напалову дэмакратычных дзяржавах інфармацыя з самага верху разносілася імгненна — памятаю гэта па Беларусі пачатку 90-х.
І нават СССР не быў выключэннем: у снежні 1976-га тое, што са Швейцарыі, дзе Карвалана абмянялі на Букоўскага, самалёт паляцеў не ў Маскву, а сеў у Мінску, і «таварыша Луча» даставілі ў Заслаўе, каб некалькі дзён падлячыць, — ведалі, здаецца, у кожнай другой сям’і партработнікаў, ва ўсякім разе я ў Віцебску даведаўся пра гэта ад бацькі на наступны дзень, калі не ў той жа вечар.
Пры тым што гэта была сакрэтная аперацыя, і афіцыйна пра прыбыццё Карвалана паведамілі толькі пасля таго, як яго сціснуў у абдымках Леанід Ільіч, які атрымаў цудоўны жывы падарунак у дні свайго 70-годдзя.
І азначае ўсё гэта толькі тое, што цяперашні дзяржаўны апарат наскрозь кантралюецца спецслужбамі, і канцэнтрацыя атмасферы страху ў ім значна большая, чым у самым грамадстве.