Z-прапагандыст заклікаў Расію вывесці войскі з Прыднястроўя
- 6.07.2026, 8:56
- 2,828
Каб пазбегнуць новай рэпутацыйнай паразы.
Расійскі Z-карэспандэнт Дзмітрый Стешын заявіў, што Масква больш не мае магчымасцяў для абароны свайго ваеннага кантынгенту ў непрызнаным Прыднястроўі і павінна разгледзець яго вывад, каб пазбегнуць новай рэпутацыйнай паразы.
На гэта звярнуў увагу ўкраінскі журналіст Дзяніс Казанскі.
Па словах Казанскага, прычынай гэтых заяў сталі эканамічныя праблемы рэгіёна пасля нядаўніх рашэнняў малдоўскіх уладаў. Кішынёў адмяніў ранейшыя падатковыя ільготы для прыднястроўскіх прадпрыемстваў, абавязаўшы іх плаціць падаткі ў малдоўскі бюджэт. Гэта істотна ўскладніла працу мясцовай прамысловасці і паставіла пад пагрозу фінансавую ўстойлівасць самаабвешчанай адміністрацыі.
На гэтым фоне расійскі ваенны карэспандэнт Дзмітрый Стешын прызнаў, што Расія не мае неабходных сіл і сродкаў для захавання кантролю над сітуацыяй у Прыднястроўі. На яго думку, далейшая прысутнасць расійскага кантынгенту можа абярнуцца чарговым палітычным паражэннем Масквы.
Казанскі нагадаў, што яшчэ ў 2022 годзе расійскія прапагандысты і ваенкары марылі заваяваць усю Украіну і дайсці да Прыднястроўя. Цяпер, як бачна, іх рыторыка кардынальна змянілася.