Па той бок «першапрычын»
1- Алеся Яхно
- 20.08.2026, 15:55
- 1,378
Як Пуцін спрабуе легалізаваць вайну.
Тэма «першапрычын», усё ж, да канца не раскрытая, бо Крэмль пастаянна спрабуе апеляваць да пазаперамоўнага «духу Анкарыджа», маючы на ўвазе выстаўленыя Расійскай Федэрацыяй ультыматумы на падставе так званых «першапрычын». Каб далей перанесці іх у «літару». То-бок, легалізаваць. То-бок, ператварыць ваенны ўзлом/злачынства ў геа/палітычны вынік.
Ва Украіне, ды і ў Еўропе таксама, думаю, ужо даўно зразумелі (хацелася б, каб і ў ЗША), што за «тэрытарыяльнымі патрабаваннямі» РФ хаваецца пытанне не толькі тэрыторый. Гэты каток тэрору і шантажу на падставе псеўдапершапрычын скіраваны і на тое, каб і далей размываць базавыя падмуркі сусветнага ладу (нормы статута ААН), паводле якіх на словах усё яшчэ захоўваецца шматбаковы кансэнсус.
Таму так важна выразна зафіксаваць, што ні Украіна, ні Еўропа/Захад не стваралі ніякіх такіх перадумоваў для вайны Расіі. У расійскай вайны няма ні рэлігійных, ні этнічных прычын. То-бок, перадумоваў на ўзроўні грамадзянскай варожасці, што звычайна характарызуе складаныя і працяглыя канфлікты, якія змяняюцца рознымі фазамі – халоднай, гарачай вайной, тэрарызмам. Як і не было геапалітычных прычын.
На момант анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе ў 2014 годзе: а) Украіна мела пазаблокавы статус; што да падрыхтоўкі асацыяцыі з Еўрасаюзам, дык гэта ўпісвалася ў расійскую канцэпцыю Вялікай Еўропы ад Лісабона да Уладзівастока; б) Захад не прэтэндаваў на абмежаванне лідарства РФ на постсавецкай прасторы, і Расія была часткай буйных міжнародных пляцовак, у тым ліку G8.
Рэальныя першапрычыны датычацца выключна самой Расіі. І нават не спрадвечна імперскага як спосабу знешняй дзейнасці, а ўнутранай застопаранасці, калі ў РФ не могуць вызначыцца са сваёй унутранай самасвядомасцю і далей — з правядзеннем сістэмнай палітыкі замест СВА.
Я ўжо пісала, але паўтару. Калісьці даўно, калі ў Крамлі, магчыма, яшчэ не разглядаўся план паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну і расхіствання заходніх саюзаў як адзіна магчымы, Пуцін агучыў тры варыянты палітычных сістэм на постсавецкай прасторы з пункту гледжання без/перспектыўнасці дзяржаў.
Гэта быў 2010 год. Пуцін, у тыя дні ў рангу прэм’ер-міністра, заявіў на пасяджэнні, дзе абмяркоўваліся стан і перспектыва рэфармавання палітычнай сістэмы Расіі (у той кароткі перыяд тэма мадэрнізацыі была палітычна моднай), што палітычная сістэма ў РФ павінна змяняцца, аднак у працэсе магчымых трансфармацый нельга дапусціць ні «украінізацыі», ні таталітарызму.
Па сутнасці былі агучаныя тры магчымыя варыянты развіцця палітычнай сістэмы на постсавецкай прасторы:
«украінізацыя» (у разуменні Расіі гэта палітычная нестабільнасць і некіравальнасць);
«жорсткі аўтарытарызм» (палітычныя рэжымы асобных лідараў краін Цэнтральнай Азіі і Каўказа);
«пуцінізм», або паўаўтарытарызм (кіраваная/суверэнная дэмакратыя, сістэма, у якой кіравальнасць забяспечваецца абмежаваннем канкурэнцыі, кантролем над СМІ, адзінствам кіруючай эліты як класа).
Тады, напэўна, упершыню выразна была абазначана сваесаблівая палітычная філасофія Пуціна, у якой сістэма ўлады ў Расіі, натуральна, падавалася як аптымальная на постсавецкай прасторы, нават калі яна наўпрост супярэчыла мадэрнізацыі.
Хоць ужо тады, вывучаючы сусветны досвед розных краін, можна было сцвярджаць, што расійскі варыянт бачнасці дэмакратыі, а насамрэч аўтакратыі ў інтарэсах вузкага кола дзяржымордаў, якраз найменш паспяховы з пункту гледжання перспектывы дзяржаў.
Бо мадэрнізацыя магчымая толькі пры «украінізацыі» (калі палітыкі матываваныя грамадствам), і/або пры моцным лідары, але калі ёсць мэта мадэрнізацыі краіны.
То-бок, альбо канкурэнцыя (палітычная, эканамічная, іншая), і ўсё адбываецца знізу, дзе найважнейшае значэнне маюць грамадзянская ініцыятыва і кантроль. Альбо вертыкаль, калі мадэрнізацыя адбываецца зверху, пад жорсткім кантролем харызматычнага лідара, але з зразумелай мэтай адносна перспектывы дзяржавы. У выніку ў Расіі ўсе размовы пра мадэрнізацыю тых часоў (2008–2012 гады) аказаліся гучным пустым працэсам. Больш за тое, яны заклалі на будучыню праблемы, што ўрэшце завяршыліся вайной (вонкавай і ўнутранай).
Імітацыя дэмакратыі (тая самая кіраваная дэмакратыя) забіла канкурэнцыю ўнутры РФ, пры гэтым усыпіўшы пільнасць і расійскіх грамадзян, і Захаду. Аўтарытарызм без задачы мадэрнізацыі краіны вырадзіўся ў персаналісцкі рэжым (ёсць Пуцін — ёсць Расія), мэта якога — сам рэжым, а не перспектыва ўласных грамадзян. Такі сабе дрымучы аўтарытарызм з элементамі таталітарызму. У тым ліку таму і адбылася вайна як вонкавая форма працягнення ўнутранай палітыкі.
На сёння можна вярнуцца да гэтай класіфікацыі і паглядзець на яе вынікі на постсавецкай прасторы. Калі нават вельмі коратка (інакш атрымаецца надта доўгі тэкст), то Украіна стала цэнтрам дэмакратычнай накіраванасці, а шэраг некалі лаяльных Крамлю лідараў Цэнтральнай Азіі і Каўказа (якіх, як я разумею, Пуцін і характарызаваў як аўтакратаў) адкрыта ўказваюць РФ на расійскія таталітарныя замашкі і непрымальнасць іншых войнаў, то-бок памылковасць сыходу на ваенны курс.
Ну, а расійскі гібрыдны падыход паказаў, што сапраўдная палітыка — гэта не гібрыднасць. Сапраўдная палітыка — гэта сістэмнасць, вывучэнне рэальных інтарэсаў і развіццё.
Але калі РФ абрала гібрыднасць і вайну як адну з форм замены рэальнай палітыкі, што патрабуе намаганняў і сапраўднай працы, дык Расія непазбежна будзе губляць партнёраў, звыклыя нішы ўплыву, час і ўласных грамадзян. Пры гэтым імкнучыся разбураць усё навокал.
Менавіта таму так важна спыніць расійскую тэму «першапрычын» у перамовным працэсе, напярэдадні аднаўлення мірных намаганняў, як гібрыдную і тупіковую. Не толькі для перамоваў, але і для самой РФ.
Алеся Яхно, «Фэйсбук»