The Atlantic: Зяленскаму прапанавалі атакаваць аэрапорты Масквы тысячамі дронаў
4- 21.08.2026, 7:50
- 4,770
Ваенная аперацыя мела назву M&Ms.
На пачатку 2026 года ўкраінскія чыноўнікі звярнуліся да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з «рызыкоўным планам» спынення вайны. Ён прадугледжваў правядзенне маштабнай аперацыі з выкарыстаннем тысяч дронаў з штучным інтэлектам супраць маскоўскіх аэрапортаў.
Гэта ваенная аперацыя мела назву M&Ms і была накіраваная на тое, каб ізаляваць расійскую эліту і прымусіць дыктатара Уладзіміра Пуціна пайсці на перамовы аб перамір’і. Аднак у выніку яе прыпынілі, піша выданне The Atlantic.
Падрабязнасці аперацыі
Паведамляецца, што для правядзення аперацыі M&Ms неабходна было пашырыць кампанію бамбардзіравання, уключыўшы ў яе цэлы пералік мэт і відаў узбраення, якіх яны доўгі час пазбягалі. Акрамя ўдараў па нафтаперапрацоўчых заводах РФ і іншых аб’ектах, планавалася запусціць хвалі дронаў са штучным інтэлектам на маскоўскія аэрапорты.
Крыніцы, абазнаныя з гэтым пытаннем, паведамілі, што такім чынам планавалася прыпыніць міжнародныя авіяперавозкі ў Маскву і з Масквы.
«У выпадку рэалізацыі гэты план стаў бы жудаснай вяхой у гісторыі ваеннай справы: атакай, падчас якой роі аўтаномных дронаў, абсталяваных сістэмамі навядзення на аснове штучнага інтэлекту, выяўлялі б і паражалі свае мэты без удзелу пілота, які кіруе іх рухамі», — гаворыцца ў публікацыі.
Выданне адзначае, што такія сістэмы ў апошнія гады выпрабоўваліся рознымі краінамі. У прыватнасці, у ЗША тэставалі падобныя сістэмы, аднак гэта стала прадметам бурных дыскусій адносна магчымaга парушэння законаў вайны. Таму іх ніколі не прымянялі ў шырокіх маштабах.
Зяленскі выказаў занепакоенасць у сувязі з аперацыяй
Зімой гэты план дзеянняў быў прадстаўлены прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Аднак ён выказаў сур’ёзную занепакоенасць наконт гэтага плана.
Крыніцы паведамілі, што кіраўнік баяўся, што такія дзеянні могуць быць расцэнены як «пірацтва», бо дроны могуць паразіць грамадзянскі самалёт, у выніку чаго могуць пацярпець або загінуць пасажыры, супрацоўнікі аэрапорта або члены экіпажа. Аднак у спробах знайсці спосаб паўплываць на Крэмль Зяленскі даў дазвол на працяг падрыхтоўкі аперацыі.
Прэс-сакратар Зяленскага адмовіўся каментаваць гэтае пытанне. Іншы прадстаўнік каманды прэзідэнта абверг падобныя планы, заявіўшы, што гэта «чэпуха». Ён таксама растлумачыў, што ў Украіны няма неабходнай зброі для правядзення такіх аперацый.