Аляксандра Мілінкевіча пасмяротна ўзнагародзілі Афіцэрскім крыжам ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча»
- 22.08.2026, 14:06
Рашэнне аб узнагароджанні прыняў прэзідэнт Польшчы.
Прэзідэнт Польшчы Кароль Навроцкі пасмяротна ўручыў беларускiму апазіцыянеру, кандыдату ў прэзідэнты Аляксандру Мілінкевічу Афіцэрскі крыж ордэна «За заслугі перад Рэспублікай Польшча».
Высокую дзяржаўную ўзнагароду на развітанні, якое сёння праходзіць у Варшаве, перадаў удаве палітыка Іне Кулей саветнік прэзідэнта Польшчы Лешэк Скібель.

Аляксандра Мілінкевіча не стала 11 жніўня.
У 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч быў кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі са статусам «адзінага» на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Пазней ён стварыў грамадскі рух «За Свабоду» і да 2016 года ўзначальваў яго.
Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне. У 1990–1996 гадах ён займаў пасаду намесніка старшыні Гродзенскага гарвыканкама. У той час ён актыўна спрыяў беларусізацыі горада.
У лістападзе 2025 года Мілінкевіч перанёс цяжкую аперацыю. Абследаванне паказала, што правая шыйная артэрыя была на 80% перакрыта тромбам. Пасля хірургічнага ўмяшання ў палітыка развіўся ацёк мозгу, тры тыдні ён знаходзіўся ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. Потым наступіў працяглы перыяд лячэння і рэабілітацыі.