ЗША выплацяць Ліберыі $5 млн за прыём мігрантаў
1- 22.08.2026, 16:08
Улады афрыканскай краіны гатовыя прыняць да 1,2 тыс. дэпартаваных з ЗША на працягу наступнага года.
ЗША выплацяць Ліберыі $5 млн у межах пагаднення аб прыёме дэпартаваных мігрантаў, паведамляе The New York Times са спасылкай на дакументы Дзярждэпартамента ЗША.
Як вынікае з дакументаў, Дзярждэпартамент ухваліў выплату яшчэ ў снежні мінулага года. За два месяцы да гэтага Ліберыя паабяцала разгледзець магчымасць прыёму мігрантаў з іншых краін.
Ліберыйскія ўлады таксама запэўнілі ЗША, што мігранты, якія будуць прыбываць у краіну, не будуць падвяргацца пераследу па прыкмеце расы або рэлігіі. У Дзярждэпартаменце палічылі гэтыя гарантыі надзейнымі.
Выдзеленыя сродкі могуць накіраваць на падтрымку іміграцыйнай сістэмы Ліберыі і дапамогу мігрантам. У прыватнасці, гаворка ідзе пра выдаткі на жыллё, харчаванне і прафесійную падрыхтоўку.
Як перадае NYT, адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа заключае падобныя пагадненні з іншымі краінамі, каб накіроўваць туды мігрантаў, якіх немагчыма дэпартаваць непасрэдна ў краіны іх паходжання. Праваабарончыя арганізацыі выступаюць супраць такой практыкі, бо мігрантаў накіроўваюць у незнаёмыя ім краіны, у тым ліку дзяржавы з праблемамі ў сферы правоў чалавека.
Паводле звестак выдання, на гэтым тыдні ўлады Ліберыі заявілі, што гатовыя прыняць да 1,2 тыс. дэпартаваных з ЗША на працягу наступнага года. Першая група мігрантаў прыбыла ў сталіцу краіны Манровію 20 жніўня.