У Беларусі бушуе непагода
- 22.08.2026, 16:23
- 2,120
Цыклон накрыў 148 населеных пунктаў.
Адразу ў трох абласцях энергетыкі працуюць у асаблівым рэжыме, паведамілі ў прэс-службе «Белэнерга».
Паводле даных на 15:00 перабоі ў электразабеспячэнні зафіксаваныя ў 148 населеных пунктах.
Для ліквідацыі наступстваў на аб'екты выйшлі 185 аварыйных брыгад і 220 адзінак тэхнікі.
Праблемы з электрычнасцю пачаліся ў Гродзенскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях.

Усяму віной ураганны вецер і цыклон «Прыска».
Толькі на Гродзеншчыне электрычнасць знікла ў больш як 30 населеных пунктах.
Пераважна пацярпелі Гродзенскі, Шчучынскі, Мастоўскі і Воранаўскі раёны, расказалі ў РУП «Гроднаэнерга».
Асноўнай прычынай адключэння электрычнасці спецыялісты называюць абрывы правадоў з-за падзення дрэў.
«Аранжавы і чырвоны ўзроўні небяспекі, абвешчаныя метэаролагамі, прадугледжваюць шквалісты вецер з парывамі да 27 м/с», — растлумачылі ў «Гроднаэнерга».
Зараз брыгады працуюць над аднаўленнем працаздольнасці ліній 10 кВ.

Энергетыкі нагадалі, што да абарваных правадоў ЛЭП нельга падыходзіць бліжэй за 8 м. А пра такія выпадкі трэба паведамляць дыспетчарам па нумарах 115 або 144.
У Гродне паваліліся дрэвы
Фота наступстваў непагоды на працягу некалькіх гадзін публікуе NewGrodno.

Судзячы па паведамленнях, пацярпелі вуліцы Ліможа, Грэмкі, Пушкіна, Новая Гожа, Кабяка, Церашковай (тут дрэвы ўпалі на ЛЭП) і парк Жылібера.

Як адзначае мясцовае СМІ, сёння лепш не выходзіць на вуліцу — вельмі моцны вецер, які можа знесці худзенькіх дзяўчат і хлопцаў.
Паваленыя ж дрэвы распілоўваюць і вывозяць камунальныя службы, у месцах, дзе закранутыя ЛЭП, працуе МНС.
Спецыялісты нагадваюць: пры моцным ветры лепш не паркаваць аўто ў месцах, якія знаходзяцца побач з дрэвамі.