Чаргавікоў запрашаюць будавацца недалёка ад праспекта Незалежнасці
1- 22.08.2026, 19:18
- 1,350
Цана за метр прываблівае, але ёсць іншы нюанс.
Пра тое, што пустку на вуліцы Макаенкі аддадуць пад жыллё, стала вядома яшчэ ў канцы 2024 года. Некалькі гадоў тэрыторыю вызвалялі ад старых пабудоў, а нядаўна пачалося ўзвядзенне першага дома. Сёння кватэры ў ім прапанавалі чаргавікам (без накіраванняў). Цана прывабная — але ёсць нюанс.
Паводле плана на былой вытворчай тэрыторыі побач з «Беларусьфільмам» узвядуць два 16-павярховыя дамы. У першым будзе два пад’езды і 191 кватэра, у другім — адзін пад’езд і 95 кватэр. Побач з дамамі размесцяцца дзве аўтастаянкі адкрытага тыпу на 157 і 107 машына-месцаў, піша «Зеркало».
Забудоўшчыкам жылых дамоў выступае УКС Заводскага раёна. Акрамя шматпавярховак тут запланаваная школа на 700 месцаў. Першы дом пачалі будаваць у ліпені гэтага года, а завяршыць плануюць у студзені 2028-га.
У першай праектнай дэкларацыі (апублікаваная ў газеце «Мінскі кур’ер») мінчанам прапанавалі 80 кватэр. Сярод варыянтаў:
— 33 аднапакаёвыя кватэры плошчай 42−44 квадратныя метры;
— 31 двухпакаёвая кватэра плошчай 58−62 квадратныя метры;
— 16 трохпакаёвых кватэр плошчай 77 квадратаў.
Кошт квадрата для аднушак, двушак і трэшак — аднолькавы — 3800 рублёў (1273 даляры; тут і далей сумы ў доларах указаныя, зыходзячы з курсу Нацбанка). Праўда, акрамя кватэры дольшчыку давядзецца ў абавязковым парадку купіць машына-месца ў паркінгу. Яно каштуе нямала — 85 тысяч рублёў (28,5 тысячы даляраў).
Атрымліваецца, што самая кампактная аднушка з машына-месцам абыдзецца прыкладна ў 245 тысяч рублёў (82,5 тысячы даляраў), двушка з паркінгам пацягне на 305 тысяч рублёў (102 тысячы даляраў), а трэшка з месцам для аўто — на 377 тысяч рублёў (126 тысяч даляраў). У УКС асобна падкрэсліваюць: скасаваць дамову толькі на паркінг або толькі на кватэру не атрымаецца — здзелка анулюецца выключна цалкам.
Прэтэндаваць на кватэры могуць мінчукі, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у адміністрацыях раёнаў або па месцы працы ў сталіцы. Накіраванне ад выканкама не патрабуецца, дастаткова проста прынесці даведку пра тое, што вы з’яўляецеся чаргавіком. Пры гэтым яна павінна быць выдадзеная не раней за дзень публікацыі праектнай дэкларацыі.
Заявы пачнуць прымаць з 28 жніўня ў будынку адміністрацыі Партызанскага раёна.