Два рэгіёны Расіі неўзабаве апынуцца пад агнявым кантролем ЗСУ
- 24.08.2026, 15:39
- 2,202
Эксперт распавёў, што стане наступнай мэтай украінскіх удараў.
Праз адзін-два месяцы Растоўская вобласць і Краснадарскі край Расіі апынуцца пад такім жа шчыльным агнявым кантролем, як цяпер Крым. Пра гэта ў эфіры Radio NV сказаў Яўген Дзікі, ветэран расійска-украінскай вайны, былы камандзір роты батальёна «Айдар», дырэктар Нацыянальнага антарктычнага навуковага цэнтра.
Адказваючы на пытанне, ці можна лічыць, што агнявы кантроль з дапамогай беспілотнікаў над варожай тэрыторыяй можа паступова пашырацца, ён адзначыў, што для гэтага нават існуе спецыяльная тэрміналогія.
«У рускамоўных крыніцах гэта называецца «ўскрыць неба». Гэта першы этап перад устанаўленнем агнявога кантролю. То бок спачатку «ўскрываецца» неба, гэта значыць сістэматычна выводзіцца са строю СПА — да таго моманту, калі СПА альбо цалкам знішчаная, але такое здараецца нячаста… Галоўнае, каб СПА была настолькі нейтралізаваная, што ўжо не здольная эфектыўна адбіваць буйныя хвалі ляцячых мэт», — сказаў Дзікі.
Так, — кажа эксперт, — першы этап — гэта падаўленне варожай СПА, а другі — гэта ўзяцце неба, пэўнай тэрыторыі, пад агнявы кантроль.
«Прыазоўе, раён так званай трасы «Наварасія», ужо знаходзіцца пад абсалютным нашым агнявым кантролем. Крым — практычна… А цяпер чарга: Краснадарскі край, былая і, магчыма, калісьці будучая ўкраінская Кубань, прылеглая Адыгея і прылеглая да нашых акупаваных тэрыторый Растоўская вобласць. Паступова, пласт за пластом, выбудоўваецца зона агнявога кантролю», — адзначыў Дзікі.
Ён дадаў, што «можам рабіць стаўкі на тое, праз колькі прыблізна Растоўская вобласць і Краснадарскі край апынуцца пад такім жа шчыльным агнявым кантролем, як цяпер Крым».
«Мая стаўка — ад месяца да двух. Плюс-мінус», — сказаў эксперт.