29 жнiўня 2026, Субота, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нязручная для Лукашэнкі праўда выйшла на паверхню

2
Нязручная для Лукашэнкі праўда выйшла на паверхню
Будынак гасцініцы ў Паставах. Фота: postavi-jkx.by

Рэгіён, за які кіраўнік так моцна ратаваў, прыходзіць у заняпад.

Нядаўна ў Беларусі прыдумалі ўвесці абавязковую сертыфікацыю гасцініц па пяцізоркавай сістэме (раней гэта было добраахвотна). Пастанавілі — дык пастанавілі, але забяспечыць хаця б на адну зорку базавыя патрабаванні — ваду, інтэрнэт, ТБ — змогуць, здаецца, не ўсе, піша «Салідарнасць».

У верасні, пішуць «Витьбичи», у вобласці адбудуцца таргі па продажы дзяржаўных турыстычных аб'ектаў.

На аўкцыён выставяць адразу 12 камунальных гасцініц: за самы танны матэль у Мёрах просяць не менш як 43 тысячы беларускіх рублёў (каля $35,9 тысячы па бягучым курсе), а найдаражэй ацанілі амаль стогадовую гасцініцу ў Паставах — за яе хочуць атрымаць больш за 1 мільён рублёў (звыш $329 тысяч).

Іншыя гасцініцы — пераважна савецкага часу, даўно патрабуюць рамонту. Пры гэтым змяніць іх мэтавае прызначэнне пакупнікі не змогуць без пісьмовай згоды райвыканкама, затое абавязаныя гэтыя аб'екты мадэрнізаваць.

«Працуюць недастаткова эфектыўна», — дыпламатычна вызначылі ў абласным упраўленні Дзяржкаммаёмасці.

Выкладаць лічбы на ўсеагульны агляд чыноўнікі не сталі. Але, паводле дадзеных за 2025 год, загружанасць гасцініц у Віцебскай вобласці склала 29,7% — адна з найніжэйшых па краіне, і гэта з улікам «Славянскага базару». Што, аднак, не перашкаджае чыноўнікам абяцаць да канца пяцігодкі «вывесці турыстычную галіну на якасна новы ўзровень».

Выглядае так, што мясцоваму начальству вельмі патрэбныя «зоркі», але запальваць іх няма каму: проста няма грошай. А вось за чужы кошт прайсці абавязковую сертыфікацыю — заўсёды калі ласка.

Для разумення маштабаў крызісу турыстычнай сферы Віцебшчыны: на жнівень 2026 года ўсяго 13 гасцініц і гатэляў у вобласці прайшлі сертыфікацыю, 6 з іх — з катэгорыяй «без зорак». А з выстаўленых на продаж аб'ектаў толькі ў камунальнай гасцініцы Пастаўскага ЖКГ ёсць сертыфікат (таксама «без зорак»).

Па сутнасці, інвестарам прапануюць купіць чамаданы без ручак. Бо нават калі ўкласціся ў мадэрнізацыю і рамонт нумароў, правесці добры інтэрнэт, навучыць персанал, запусціць рэкламу ў сацсетках — гэта не гарантуе акупнасці і прытоку гасцей. Таму што турыстам, апрача начлегу, патрэбная інфраструктура: дзе паесці, якія славутасці паглядзець, што з сувеніраў і мясцовай прадукцыі набыць.

І калі ў тым жа Бягомлі захаваліся маляўнічыя руіны храма Усіх Святых, мясная крама «Васілёк», а зусім побач — Бярэзінскі біясферны запаведнік, то пра інфраструктуру ў Сянне нават сярод камандзіраваных ходзяць легенды, зусім не кампліментарныя, месцы грамадскага харчавання «працуюць праз раз», а ацэнкі турыстаў вар'іруюцца ад 1,4 да 2,2.

І наводзіць бляск проста дзеля таго, каб атрымаць сертыфікат, але разам з ім і бясконцыя праверкі ад разнастайных кантрольных органаў — сярод прыватнікаў наўрад ці знойдзецца шмат ахвотных. Дык ці дапаможа продаж дзяржаўных гасцініц Віцебшчыне набраць зорак — вельмі сумнеўна.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках