На таргі зноў выстаўлялі дом дачкі вядомага бізнесмена
- 29.08.2026, 12:01
Стартовая цана аўкцыёну складала 796,8 тысячы рублёў.
У жніўні на аўкцыён выстаўлялі дом, які — як пазначана — арыштавалі ў заснавальніка «Новага бачання» Алега Каврыгіна. Таргі былі прызначаныя на 25-га, але ахвотных набыць гэтую нерухомасць не знайшлося. Раней вядомы бізнесмен заяўляў, што ўлады адабралі гэтую нерухомасць у яго дачкі ад першага шлюбу, піша «Зеркало».
На продаж выстаўлялі двухпавярховы блочны аднасямейны дом у Тарасаве пад Мінскам плошчай 208,4 м². Даўжніком указаны Алег Каврыгін — заснавальнік клінікі «Новае бачанне». На аб’ект накладзены арышт следчых органаў.
Стартовая цана аўкцыёну складала 796,8 тысячы рублёў. Раней гэты дом спрабавалі прадаць за 996 тыс. рублёў.

Аднак і гэтым разам ахвотных купіць арыштаваную нерухомасць не знайшлося.
Гэты катэдж пад Мінскам бізнесмен збудаваў у 2010-м, а ў 2011-м, з’язджаючы ў Літву, падарыў чатырохгадовай дачцэ Злаце. Пра гэта ён раней расказваў «Зеркалу». У 2023 годзе, пасля справы супраць «Новага бачання», на нерухомасць наклалі арышт, хоць дачка да справы дачынення не мела. Пазней суд прызнаў дарэнне несапраўдным: пракуратура вырашыла, што Каврыгін яшчэ ў 2011-м нібыта выводзіў маёмасць ад будучага спагнання. Цяпер дом зноў фармальна «вярнулі» Каврыгіну — каб прадаць яго і пагасіць частку амаль 4-мільённай «шкоды» дзяржаве.
Суддзя Георгій Красуцкі пагадзіўся з гэтымі довадамі і прызнаў дамову дарэння ад 2011 года нікчэмнай. Па сутнасці, правы на ўчастак і дом вярнуліся да Алега Каврыгіна. І цяпер нерухомасць можна прымусова прадаць і пагасіць частку «шкоды» дзяржаве. Сам заснавальнік «Новага бачання» называе гэтае рашэнне суда абсурдам.
— Нібыта я ў 2011 годзе планаваў нейкую злачынную дзейнасць у 2023-м? Марыарці (злодзей з цыкла твораў Артура Конана Дойла пра Шэрлака Холмса. — Заўв. рэд.) нервова курыць убаку, — каментаваў раней Алег Каврыгін. — І нібыта доказ гэтага — што я таксама машыну прадаў у 2011 годзе. Але прадаў яе, бо з’язджаў у Літву. Тады ўсе пытанні закрыў, атрымаў пашпарт серыі РР і нават стаў на консульскі ўлік. Калі б у мяне былі нейкія пытанні, мне б пашпарт не выдалі і на ўлік не паставілі. Ды і потым, навошта тады мне было пакідаць дом у Беларусі ўвесь гэты час? Я б яго ўжо даўно прадаў.
У лютым 2023 года ў сетку медыцынскіх цэнтраў «Новае бачанне» прыйшлі сілавікі. Следчы камітэт арыштаваў маёмасць кампаніі. Тады ж ён наклаў арышт і на дом дачкі Каврыгіна. Хаця Злата не мела ніякага дачынення да крымінальнай справы.
25 лістапада 2024 года заснавальніка медцэнтра «Новае бачанне» Алега Каврыгіна завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у 400 тысяч рублёў і пяцігадовую забарону на кіраўнічыя пасады. Таксама з яго пастанавілі спагнаць больш за 3 млн рублёў нібыта нявыплачанага падатку на прыбытак.
Пасля Генпракуратура падала грамадзянскі іск, каб спагнаць з заснавальніка «Новага бачання» шкоду, якую ён нібыта нанёс дзяржаве. Ішлося пра 3,43 мільёна рублёў. У выніку, калі доўг дайшоў да ўпраўлення прымусовага выканання Мінаблвыканкама, ён вырас да 3,82 мільёна.
Пра гэта былая жонка Каврыгіна даведалася восенню 2025 года, ужо ў судзе, куды яна звярнулася з іскам, каб зняць арышт з маёмасці непаўналетняй дачкі.