Захарава ўзвыла праз уцёкі расіян ад мабілізацыі ў Арменію
3- 29.08.2026, 19:24
- 3,758
Прадстаўніца МЗС РФ убачыла ў гэтым «правакацыю Ерэвана».
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава абвінаваціла Арменію ў «правакацыі» ў сувязі з заявамі сакратара Савета бяспекі рэспублікі Алена Сіманяна пра гатоўнасць прымаць расіян, якія хочуць пазбегнуць адпраўкі на фронт. На думку Захаравай, такія выказванні «заахвочваюць расійскіх грамадзян да супрацьпраўных дзеянняў» і надаюць «традыцыйнай армянскай гасціннасці таксічны палітычны адценак». Дыпламат таксама ўбачыла ў словах Сіманяна «яшчэ адно сведчанне імкнення ўладаў рэспублікі паслужыць Захаду і кіеўскаму рэжыму».
«З жалем адзначаем, што тэндэнцыя распаўсюджвання прадстаўнікамі афіцыйнага Ерэвана публічных заяў, якія падрываюць двухбаковае супрацоўніцтва з Масквой, працягваецца. Выказванні Сіманяна лічым правакацыйнымі», — сказала Захарава (цытата паводле ТАСС). Яна падкрэсліла, што расійскія чыноўнікі неаднаразова заяўлялі пра адсутнасць намераў праводзіць мабілізацыю ў краіне. У сваім каментары Захарава таксама паведаміла, што Сіманян падчас візіту ў Расію ў лютым 2026 года «шмат казаў пра важнасць развіцця расійска-армянскіх сувязяў», а цяпер, паводле яе слоў, «паддаўся на свядома правакацыйна сфармуляванае пытанне» ад «журналіста-інагента».
25 жніўня сакратар Сіманян у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождж» заявіў, што рэспубліка не будзе перашкаджаць уезду расіян у выпадку новай хвалі мабілізацыі. «На мяжы ніхто не збіраецца ні ў каго пытацца, навошта ён сюды прыехаў. <…> Рускаму чалавеку магу сказаць толькі адно: «Сардэчна запрашаем у Арменію», — сказаў ён, дадаўшы, што пры неабходнасці ўлады Арменіі акажуць расіянам, якія прыбываюць у краіну, дапамогу.
Заява Сіманяна прагучала пасля шматлікіх паведамленняў пра падрыхтоўку новай мабілізацыйнай хвалі ў Расіі. Паводле звестак заходніх разведак, Крэмль можа абвясціць пра правядзенне мабілізацыі пасля вераснёўскіх выбараў у Дзярждуму. Як пісала The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы, расійскія вайскоўцы ўжо пачалі правяраць гатоўнасць рэгіёнаў да прызыву. У Крамлі, аднак, гэтую інфармацыю адмаўляюць.