Захад «Рассвету»?
- Віталь Ягораў
- 10.09.2026, 7:11
- 1,184
Як справы ў расійскага аналага Starlink.
У расійскай спадарожнікавай групоўкі «Рассвет», якая налічвае 32 спадарожнікі, вялікія праблемы, пішуць рускамоўныя СМІ: ні адзін апарат не выйшаў на мэтавую арбіту, а некаторыя губляюць вышыню і нават згарэлі ў атмасферы. Наколькі гэтая сітуацыя крытычная для праекта, які пазіцыянуецца як расійскі аналаг Starlink, і што можна чакаць у будучыні?
Варта нагадаць, што такое «Рассвет». Гэта праект спадарожнікавага інтэрнэту, які павінен падавацца мноствам спадарожнікаў на нізкай навакаляземнай арбіце. Ён з'явіўся ў Расіі ўслед за больш паспяховымі замежнымі праектамі Starlink і OneWeb.
Дзіця некалькіх маці
Першапачаткова праект распрацоўваўся кампаніяй «Мегафон 1440». У 2022 годзе, ужо пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, структура праекта змянілася: спадарожнікавая кампанія атрымала назву «Бюро 1440» і ўвайшла ў тэхналагічную карпарацыю «ІКС Холдынг».
У «ІКС Холдынг» таксама ўваходзяць кампаніі, звязаныя з абсталяваннем для кантролю расійскага інтэрнэт-трафіку. Акрамя прыватнага фінансавання, на «Рассвет» выдзяляе грошы і Міністэрства лічбавага развіцця, а апошнія партыі спадарожнікаў запускаюцца з ваеннага касмадрома Плясецк.
У першыя гады праект «Рассвет» пазіцыянаваўся як грамадзянскі, накіраваны на забеспячэнне сувяззю аддаленых рэгіёнаў краіны, а таксама кліентаў РЖД і «Аэрафлота». Пасля пачатку вайны ў 2022 годзе кампанія ў публічных прэзентацыях працягвала настойваць на невайсковым выкарыстанні спадарожнікаў — нават калі стала відавочнай эфектыўнасць Starlink на вайне як для ўкраінскіх, так і для расійскіх вайскоўцаў.
Але ў лютым 2026 года SpaceX разам з украінскім бокам заблакавала незарэгістраваныя тэрміналы Starlink, якімі карысталіся расійскія войскі, і ў Расіі сур'ёзна загаварылі пра неабходнасць тэрмінова ствараць уласны аналаг.
Да таго часу «Рассвет» ужо запусціў дзве групы прататыпаў і адзвітаваўся пра іх паспяховыя выпрабаванні. Паводле планаў, першы старт спадарожнікаў масавай вытворчасці павінен быў адбыцца яшчэ да канца 2025 года, але яго перанеслі на 2026‑й. Фактычна першыя шаснаццаць апаратаў стартавалі 23 сакавіка. І літаральна праз пару месяцаў староннія назіральнікі загаварылі, што палёт ідзе не зусім штатна.
Пад'ём на арбіту
Першую партыю з шаснаццаці спадарожнікаў ракета «Саюз-2» вывела з касмадрома Плясецк на кругавую палярную арбіту вышынёй каля 300 км. Як мінімум адзін спадарожнік не пачаў падымаць арбіту і праз пару месяцаў згарэў у атмасферы. Астатнія паступова выконвалі манеўры пад'ёму, хоць некаторыя спачатку рабілі гэта даволі няўпэўнена.
На спадарожніках «Рассвет» ужываюцца электраракетныя рухальныя ўстаноўкі малой цягі. Для істотнага павышэння арбіты такім апаратам патрабуецца працяглы час — тыдні і нават месяцы. У Starlink і OneWeb выкарыстоўваецца той жа агульны прынцып: электрарэактыўныя рухавікі дазваляюць павольна падымаць арбіту, падтрымліваць яе і выстройваць спадарожнікі ў патрэбную канфігурацыю адносна адзін аднаго.
Другую групу, таксама з шаснаццаці «Рассветаў», запусцілі ў ліпені.
Працоўная вышыня спадарожнікаў «Рассвет» публічна заяўлялася як 800 км, але на гэты момант ні адзін апарат з двух серыйных партый да гэтай адзнакі не дабраўся. Асноўная частка першай партыі знаходзіцца прыблізна на вышыні 500 км, адзін спадарожнік страчаны, а два застаюцца значна ніжэй. Другая партыя пакуль трымаецца ў асноўным ніжэй за 400 км, прычым два апараты, здаецца, увогуле не пачалі манеўраваць.
Такая сітуацыя дала падставы некаторым каментатарам сцвярджаць, што світанак «Рассвета» не ўдаўся: спадарожнікі ляцяць не паводле праграмы, значыць гэта правал і яны бескарысныя.
Але давайце паглядзім уважлівей.
Спадарожнікі выканалі пабудову
Мы ведаем пра становішча і манеўры спадарожнікаў дзякуючы адкрытым арбітальным данным амерыканскага каталога NORAD. Карыстаючыся гэтымі данымі, за апаратамі сочаць энтузіясты з ЗША і Расіі і на іх аснове робяць высновы пра стан праекта. Сама кампанія «Бюро 1440» падрабязнасці таго, што адбываецца на арбіце, практычна не каментуе.
Паводле адкрытых даных мы ведаем асноўныя арбітальныя характарыстыкі спадарожнікаў і іх змяненні з часам. На іх аснове можна будаваць графікі: па гарызанталі ідзе час, па вертыкалі — сярэдняя вышыня арбіты.
Расійскія фанаты «Рассвета» на аснове амерыканскіх даных нават стварылі інтэрактыўны сайт, дзе можна бачыць не толькі графікі змянення арбіты спадарожнікаў, але і іх фактычнае становішча адносна паверхні Зямлі.
І што мы там бачым?
Першая група страціла адзін апарат, але асноўная частка астатніх дабралася прыкладна да 500 км і стабільна трымаецца там. Некалькі апаратаў усё яшчэ адстаюць, але нават спадарожнік, які доўга баўтаўся значна ніжэй асноўнай групы, у апошнія тыдні здолеў падняцца да яе.
Спадарожнікі паступова разыходзяцца і па даўгаце ўзыходзячага вузла — то бок размеркавваюцца па розных арбітальных плоскасцях. Тут важна ўдакладніць: гэта не абавязкова азначае, што спадарожнікі непасрэдна «паварочваюць» арбіту рухавікамі. Плоскасць арбіты сама падвяргаецца прэцэсіі пад уплывам несферычнасці Зямлі, а хуткасць гэтай прэцэсіі залежыць ад вышыні. Таму, змяняючы вышыню спадарожнікаў, можна паступова разводзіць іх па патрэбных плоскасцях.
А некаторыя апараты ўжо выстроіліся ў рад, вытрымліваючы прыблізна роўныя адлегласці адносна адзін аднаго. Гэта вельмі падобна на паўнавартасную працоўную пабудову.
Другая група пакуль трымаецца значна ніжэй, але чатырнаццаць з шаснаццаці спадарожнікаў хаця б пачалі змяняць свае арбіты — то бок іх рухальныя ўстаноўкі падавалі прыкметы жыцця. Прычым калі проста накласці графікі першай і другой груп, відаць, што другая група дзейнічае дынамічней за першую: спадарожнікі хутчэй пачынаюць манеўраваць і падымаць арбіту, хай пакуль і ненашмат.
Не толькі запусціць, але і кіраваць
Калі два спадарожнікі другой групы сапраўды будуць страчаныя, аварыйнасць першых «Рассветаў» масавай вытворчасці складзе прыкладна 10% — тры спадарожнікі з 32.
Для параўнання: у першай партыі Starlink каля 5% апаратаў адмовілі практычна адразу. Пазней колькасць апаратаў, што адмовілі, у гэтай партыі вырасла прыкладна да 13%, затое ўжо сярод наступных чатырохсот Starlink аварыйнасць знізілася прыкладна да 3%.
То-бок 10% — гэта шмат. Але гэта пакуль не азначае катастрофу.
Па-першае, для групоўкі, што вырабляецца масава, з фінансаваннем у сотні мільярдаў рублёў страта некалькіх апаратаў непрыемная, але не смяротная для ўсяго праекта. Па-другое, і гэта самае важнае, перад намі самы пачатак эксплуатацыі спадарожнікаў новай серыі. Такіх апаратаў масавай вытворчасці да сакавіка 2026 года ў космасе наогул не было, а сама кампанія ніколі раней не кіравала групоўкай такога маштабу.
Каманда «Бюро 1440» набраная з маладых, амбіцыйных спецыялістаў, якія сёння атрымліваюць фактычна ўнікальны для расійскай касманаўтыкі досвед. Раней буйнымі расійскімі спадарожнікавымі групоўкамі можна было лічыць «ГЛОНАСС» або «Ганец» — дзесяткі апаратаў. А ў «Рассвеце» гаворка ідзе ўжо пра сотні спадарожнікаў.
Кіраванне такой групоўкай — складаная задача. Трэба кантраляваць стан кожнага апарата, перадаваць каманды і правяраць іх выкананне, улічваць атмасфернае тармажэнне і небяспечныя збліжэнні, размяркоўваць спадарожнікі па арбітальных плоскасцях, выстройваць іх становішча адносна адзін аднаго і забяспечваць сувязь паміж імі.
Для гэтага патрэбныя наземныя станцыі, Цэнтр кіравання палётамі, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, праграмнае забеспячэнне і спецыялісты, якія ўмеюць з усім гэтым працаваць.
Тое, што другая група пачала пад'ём арбіты хутчэй за першую, цалкам можа сведчыць пра тое, што досвед назапашваецца і прымяняецца на практыцы.
Вышыня каля 500 км для першай групы таксама не абавязкова азначае няўдачу. Яна можа быць прамежкавай для выпрабавання ўжо не саміх спадарожнікаў, а паслуг, якія яны прадастаўляюць. Больш за тое, прадстаўнікі кампаніі сапраўды паведамляюць пра выпрабаванні сувязі з рэальнымі спажыўцамі, у тым ліку на аб'ектах РЖД.
Не выключана і іншае: кампанія ўвогуле вырашыла змяніць працоўную вышыню групоўкі і замест першапачатковых 800 км спыніцца прыкладна на 500 км. Паводле адкрытых даных гэтага пакуль нельга сцвярджаць напэўна.
Другая група пакуль знаходзіцца ў асноўным ніжэй за 400 км. Такая нізкая пачатковая арбіта не вельмі зручная для саміх спадарожнікаў — атмасфера там прыкметна тармозіць апараты, — затое яна бяспечнейшая з пункту гледжання касмічнага смецця. Калі спадарожнік аказваецца няспраўным, ён адносна хутка сыдзе з арбіты і згарэ ў атмасферы, а не будзе бадзяцца вакол Зямлі дзесяцігоддзямі. З той жа прычыны Starlink таксама запускаюць на адносна нізкія арбіты і падымаюць вышэй толькі пасля праверкі працаздольнасці.
У будучыні можна чакаць, што другая група «Рассветаў» далучыцца да першай прыблізна на вышыні 500 км. Альбо абедзве групы пазней працягнуць пад'ём да першапачаткова заяўленых 800 км.
Няма чым ганарыцца, а магло б быць
Таму пра сапраўдныя складанасці «Рассвета» кажуць не столькі вышыня арбіты і нават не аварыйнасць кожнага дзясятага спадарожніка.
Галоўнае пытанне — рэальныя магчымасці серыйнай вытворчасці і запуску новых партый касмічных апаратаў.
Ці здолеюць вытворцы забяспечыць стабільны выпуск спадарожнікаў ва ўмовах амерыканскіх і еўрапейскіх абмежаванняў на пастаўкі электронікі? Ці здолее расійская ракетна-касмічная галіна забяспечыць неабходны тэмп запускаў?
Вось тут сітуацыя выглядае куды цікавей.
Паводле федэральных планаў да канца 2026 года меркавалася мець на арбіце ўжо больш за паўтары сотні спадарожнікаў, а да канца 2027‑га — каля трохсот. Пакуль жа запушчана толькі 32 апараты масавай вытворчасці.
Каб атрымаць паўнавартасную групоўку хоць бы парадку 300 спадарожнікаў пры цяперашніх партыях па шаснаццаць апаратаў, спатрэбіцца яшчэ прыблізна 17–20 ракетных запускаў — у залежнасці ад рэзерваў і страт. То бок гаворка ідзе пра зусім нязвыклы для сучаснай расійскай касманаўтыкі тэмп: шмат запускаў штогод на працягу некалькіх гадоў.
І калі мы хочам зразумець, наколькі паспяховы праект «Рассвет», сачыць трэба ў першую чаргу не за прамежкавай вышынёй спадарожнікаў, а за тэмпам запускаў.
Менавіта старты пакажуць, ці гатовая кампанія сапраўды масава вырабляць апараты, а расійская касманаўтыка — рэгулярна выводзіць іх на арбіту.
Для расійскай касманаўтыкі такія планы амаль унікальныя. Адна прыватная кампанія павінна забяспечыць колькасць запускаў, супастаўную з прыкметнай доляй усёй астатняй расійскай касмічнай праграмы.
У іншы час такому дасягненню расійскай прыватнай касманаўтыкі я б радаваўся.
Але ёсць адна праблема.
Спадарожнікавая шырокапалосная сувязь — тэхналогія падвойнага прызначэння. Вопыт Starlink ужо паказаў, наколькі яна карысная не толькі грамадзянскім карыстальнікам, але і войску: для кіравання падраздзяленнямі, беспілотнікамі, перадачы разведданых і сувязі там, дзе звычайнай інфраструктуры ўжо няма.
І таму цяпер даводзіцца прызнаць, што гэтыя маладыя, амбіцыйныя, таленавітыя хлопцы з агнём у вачах і ўзнёсласцю ствараюць вельмі небяспечны інструмент для жменькі прыхварэлых на розум старэчаў, якія гатовыя плаціць любыя грошы за магчымасць працягваць вайну, забіваць людзей, захопліваць чужую тэрыторыю і захоўваць уласную неабмежаваную ўладу.
Ці патрэбныя касмічныя поспехі такой цаной?
Віталь Ягораў, The Moscow Times