«Злуе, што ўсё ўпотай»: беларускія бацькі раскрытыкавалі навацыі ў школах
1- 11.09.2026, 9:23
- 1,180
Да сістэмы адукацыі назбіралася шмат пытанняў.
Новы навучальны год у беларускіх школах «парадаваў» вучняў і бацькоў новымі дзіўнымі патрабаваннямі да знешняга выгляду, высокай цякучасцю кадраў сярод настаўнікаў і недахопам тэхперсаналу, узмоцненай фізпадрыхтоўкай для старшакласнікаў, каб яны лепш былі гатовыя да войска, увядзеннем дасмотраў для большай бяспекі, а таксама пагрозамі штрафаў бацькам, чые дзеці прагульваюць урокі.
Складаецца ўражанне, нібы ўлады Беларусі планамерна ператвараюць установы адукацыі ў казармы, куды дзеці ідуць пад прымусам. І на гэтым фоне ўспаміны пра штогадовыя грашовыя паборы як быццам цьмянеюць. Ці не ўсё так змрочна?
Некалькі бацькоў беларускіх школьнікаў падзяліліся з «Салідарнасцю», якім для іх аказаўся пачатак навучальнага года.
«Як на вучобу дзіцяці ўплывае, хто ўласнік кватэры?»
— На сходзе нам раздалі анкеты з вельмі дзіўнымі пытаннямі для бацькоў. Кшталту метражу і хто ўласнік кватэры, — дзеліцца маці першакласніка Кацярына. — Настаўніца патлумачыла: трэба, маўляў, каб у дзіцяці было ўласнае абсталяванае працоўнае месца для ўрокаў.
Выдатна, кажу, а калі яго няма і дзіця робіць урокі за бацькоўскім камп’ютарным сталом, з правільным асвятленнем (зразумела, прыбраная клавіятура і выключаны камп’ютар) — гэта неяк замінае пісаць палачкі і кручочкі, уплывае на паспяховасць? Нас у СНС паставяць?
І незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці ўласнага працоўнага куточка, а як на вучобу дзіцяці наогул уплывае, хто ўласнік кватэры?!
Мяне адразу пачалі супакойваць, што гэта фармальнасць. Але ад суседзяў, у якіх дзеці старэйшыя, пачула, што ў першыя пару месяцаў класная яшчэ і прыйдзе да нас дадому правяраць умовы пражывання і можа заглянуць нават у халадзільнік… Я насцярожылася, шчыра кажучы. Паглядзім, як гэта будзе.
Пра патрабаванні да сшыткаў, каб ніякіх надпісаў, я ўжо была начутая, таму яшчэ ўлетку падрыхтавалася. Форма, то-бок, даруйце, вопратка дзелавога стылю, — таксама ў цэлым нічога страшнага, калі б не якасць адзення шматлікіх беларускіх вытворцаў. Альбо сядзіць мяшком, альбо губляе выгляд пасля пары мыццяў. Але хаця б да хвосцікаў і банцікаў першакласніц не прыдзіраюцца.
Найбольш засмучае, што на словах дырэктар і ўсе чыноўнікі распавядаюць пра школу як «храм ведаў», а на справе гэта рэжымная ўстанова, куды бацькам ходу няма. І ў першыя тыдні адаптацыі ты не можаш дапамагчы дзіцяці зарыентавацца з гардэробам, сталовай, спартыўнай формай, усімі гэтымі драбязамі.
Не будзеш жа кожны раз запісвацца ў вартаўніка ў журнал з прад’яўленнем пашпарта і дазволам адміністрацыі. Настаўніца, вядома, паабяцала кантраляваць, але пакуль усе на нервах.
««Удзел у жыцці школы» важнейшы за дысцыпліну і нават адзнакі»
У Юліі сын перайшоў у 9 клас. І першае, пра што абвясцілі бацькам, — што пачынаць рыхтавацца да выпускнога вечара трэба ўжо на пачатку навучальнага года. Паводле слоў мінчанкі, «люксовы» альбом, які замовіў іх клас, абыдзецца ў 150 рублёў — і гэта з выезнай фотасесіяй. Астатнія траты на выпускны і падарункі школе пакуль не планавалі, ды і першы бацькоўскі сход, паводле мінчанкі, прайшоў па звыклай каляіне.
— На працягу года збяром ад 50 да 100 рублёў на патрэбы класа, але пакуль нічога не прасілі, не змаглі нават канчаткова вызначыцца са складам бацькоўскага камітэта. Я даўно адмовілася ад гэтага, мяне нават не чапаюць.
На шчасце, нашу школу абышлі павышаныя прэтэнзіі да прычэсак — прынамсі, хлопцы ходзяць модныя, злёгку зараслыя і з кудзеркамі, а-ля дамавічок Кузя. І ніхто з бацькоў у чаце не скардзіцца, што не ўпусцілі ці прымусілі мыцца/пераапранацца.
Асаблівых прэтэнзій да формы таксама няма: стараюцца вытрымліваць стыль, каб былі цёмна-сінія штаны і спадніцы, але ніхто асабліва не чапляецца. А з другога боку, адміністрацыі не да таго: у школе не хапае многіх настаўнікаў, умоўна, «працэ» і фізкультуру можа весці адзін і той жа чалавек, і яго яшчэ папросяць часам падмяняць геаграфію. А ў старэйшых класах вучні мыюць класы, бо проста не хапае прыбіральшчыц, скарацілі стаўкі.
Але пры гэтым дырэктарка старанна робіць выгляд, што ўсё ў парадку, і жорстка кантралюе ідэалагічную лінію. У перакладзе на звычайную мову гэта значыць: «удзел у жыцці школы» важнейшы за дысцыпліну і нават адзнакі. Напрыклад, нашым адкрыта сказалі, што паставяць «дзясяткі» па грамадазнаўстве тым, хто ад класа наведае мерапрыемствы да так званага Дня народнага адзінства.
Характарыстыкі, якія патрабуюць для паступлення ў каледжы і ВНУ, пішуцца па той жа схеме: хто не «зарэкамендаваў сябе» ў грамадскім жыцці, на добры водгук школы можа не разлічваць. А каму не падабаецца, сказалі, нікога не трымаем. І за пару гадоў вельмі шмат дзяцей і педагогаў змянілася.
«Шмат новых настаўнікаў, мала ладу з новаўвядзеннямі»
Дачка Яўгеніі і Арцёма пайшла ў чацвёрты клас, сын — у дзясяты, прычым дзеці вучацца ў розных школах.
— Да «пачатковай» у мяне няма асаблівых прэтэнзій, — распавяла беларуска ў гутарцы з «Салідарнасцю». — У нас новая настаўніца, па першым уражанні дружалюбная і адкрытая да камунікацыі.
Сход у нас доўжыўся ўсяго паўгадзіны, без «вады» і ўсялякай непатрэбнай накачкі пра форму, дысцыпліну і вось гэта ўсё: сказала, разумею, што дзеці яшчэ маленькія і за лета адвыклі, будзем разам успамінаць і вяртацца да вучобы, не перагружайце іх моцна, проста падтрымлівайце.
На дадатковыя дапаможнікі і рабочыя сшыткі мы здалі па 90 рублёў, там нічога лішняга, і ўжо ўсё заказана, уключаючы матэрыялы на ўрокі працы. Плюс на працягу года па 50 рублёў на дні народзінаў дзяцей, стаканчыкі і ваду ў клас. Як па мне, гэта пад’ёмна, а ўнёскі ў папячыцельскі савет пакуль не цікавяць.
Арцём дадае, што ў школе ў сына бацькоўскі камітэт прапанаваў сабраць па 100 рублёў на ўвесь год, а дадатковыя дапаможнікі настаўнікі-прадметнікі будуць прапаноўваць старшакласнікам па жаданні. Некалькіх падлеткаў, паводле яго слоў, папрасілі прыбраць каляровыя пасмы з прычосак або зрабіць іх «менш выклічнымі», але прымусова ў цырульню нікога не адпраўлялі.
— Лінейка ў іх была вельмі кароткая, у першы ж дзень паўнавартасныя ўрокі і хатняе заданне. Шмат новых настаўнікаў, мала ладу з новаўвядзеннямі. Напрыклад, сын кажа, у сталоўцы з’явілася нармальная смачная ежа, але вельмі маленькія порцыі, старшакласнікам нават дзяўчатам ледзь хапае. Дырэктар ужо пужае ўзмоцненай адказнасцю і нарматывамі, як у войску, — а фізрук кажа: я ж ведаю, хто на што здольны, дзеці на маіх уроках паміраць не будуць.
Увогуле, чым больш чыноўнікі лезуць наводзіць парадак у адукацыі, тым горш гэта працуе. І асабліва злуе, што ўсе непрыемныя навацыі робяць падціхарком і ў самы апошні момант перад пачаткам навучальнага года. Відаць, каб іх прасцей было праштурхнуць.
«Выглядала няёмка і дзіўна»
— Класная маёй дачкі, відаць, нядрэнны педагог і арганізатар, але занадта замарочваецца, каб дагадзіць адміністрацыі, — кажа маці пяцікласніцы з Мінска. — Таму на сходзе па пунктах «даносіла да бацькоў» нейкую лухту кшталту вендынгавых аўтаматаў, якія паставяць у школе, арганізацыі харчавання і акуратнага знешняга выгляду.
А на важныя пытанні, чаму дзяцей дагэтуль не забяспечылі падручнікамі (бачыла скаргі на патрапаныя кнігі — а ў нашых дзяцей пакуль няма ўвогуле ніякіх), і ці знайшлі сталага настаўніка англійскай мовы, ці вучняў будуць перакідваць, як мячык, розным настаўнікам (а так ужо было летась у сярэдніх класах), — адказаць не змагла.
Ну і, вядома, запомнілася лінейка ў Дзень ведаў, дзе галоўнымі ўдзельнікамі былі не дзеці і нават не настаўнікі, а «ганаровыя госці» аднекуль з сілавых структур, ці то СК, ці то пракуратура. Дзеці ім нават кветкі дарылі — не ведаю, па бацькоўскай ініцыятыве ці дырэктар размеркавала. Але выглядала гэта няёмка і дзіўна.
««Было б нядрэнна» — проста дэвіз ненавязлівага ціску»
— Нашым дазволілі не прысутнічаць на лінейцы, але потым прынесці запіску ад бацькоў, і мой сын гэтым скарыстаўся, — усміхаецца маці дзесяцікласніка Ксенія. — Я і пагатоў у школу хаджу хіба што раз на год, таму для нас 1 верасня было звычайным днём без пафасу.
У сына другі год запар змянілася класная кіраўніца, кажа, новая нібыта адэкватная. Затое на першы ж урок прыйшла завуч і добра «прайшлася» па ўсіх: і за дысцыпліну, і за абавязковае нашэнне формы, і заявай пра асаблівую адказнасць, таму што «вы будучыня Беларусі, і вам трэба ўжо цяпер праявіць сябе».
Як праявіць? А пра гэта ім распавялі на грамадазнаўстве. Актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці школы, дапамагаць педагогам і адміністрацыі ў забеспячэнні парадку, выконваць разнастайныя даручэнні і ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні за вялікі «дзякуй».
І яшчэ асобна падкрэслілі, што старшакласнікам важна даведацца праўду перад выхадам у дарослае жыццё — «для гэтага важна мець правераную і дакладную крыніцу інфармацыі, а не карыстацца незразумелымі рэсурсамі, якія могуць прапагандаваць экстрэмізм». Я нават захапілася колькасцю локшыны на вушы дзецям.
Дырэктарка падкрэсліла, што ў іншых школах ужо праводзяць дасмотры, а ў нашай спадзяюцца на свядомасць вучняў, маўляў, цэніце, што маеце. А за гэтую дабрыню — ніякіх вольнасцяў у форме адзення, ніякіх «вось гэтых патлаў», ніякіх значкоў, акрамя школьнага. І сшыткі пажадана ўсталяванага ўзору. І спартыўны абутак з белай падэшвай. І яшчэ «было б нядрэнна пацікавіцца глыбей ваенна-патрыятычным клубам».
Сын кажа, што «было б нядрэнна» — проста дэвіз ненавязлівага ціску з боку настаўнікаў.