12 верасня 2026, Субота, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дроны атакавалі хімзавод у Тальяці і аэрадром у Таганрозе

Дроны атакавалі хімзавод у Тальяці і аэрадром у Таганрозе

«КуйбышаўАзот» вырабляе ўнікальную для РФ прадукцыю.

Уначы на 12 верасня ўкраінскія дроны наведалі прынамсі два расійскія гарады – Тальяці ў Самарскай вобласці і Таганрог – у Растоўскай. У першым з іх нанеслі ўдар па хімічным заводзе «КуйбышаўАзот», які, у тым ліку, спецыялізуецца на выпуску ўнікальнай для РФ прадукцыі.

А ў Таганрозе пажар пасля атакі ўспыхнуў на тэрыторыі абанкруцелага аўтазавода, дзе цяпер збіраюць ударныя дроны; пад удар трапіў таксама ваенны аэрадром. Падрабязнасці паражэнняў раскрылі ў Telegram-канале Exilenova+.

Выбухі ў Тальяці

Пра выбухі ў Тальяці Самарскай вобласці РФ стала вядома бліжэй да ранку. Расіяне скардзіліся на атаку, якой, паводле папярэдніх звестак, падвергся хімічны завод «КуйбышаўАзот».

Судзячы па кадрах, знятых відавочцамі, там успыхнуў пажар.

З цягам часу пажар разгараўся.

Хімічны завод «КуйбышаўАзот» выпускае капролактам, аміячную селітру, карбамід, сульфат амонію, аміяк, слабую азотную кіслату, паліямід-6, высокатрывалую тэхнічную нітку. Апошнія два віды прадукцыі ў РФ выпускае толькі гэтае прадпрыемства.

Атака на Таганрог

Гучна было гэтай ноччу і ў Таганрозе Растоўскай вобласці.

Там, як піша Exilenova+, пад удар трапіў аўтазавод.

«У Таганрозе была атакаваная тэрыторыя Таганрогскага аўтамабільнага завода, гарыць рэзервуар», – адзначана ў паведамленні.

Пажар на тэрыторыі гэтага прадпрыемства фіксуюць спадарожнікі NASA FIRMS. Бачныя як мінімум два асяродкі ўзгарання. А над горадам падымаецца дым.

Як усталяваў OSINT-эксперт незалежнага расійскага выдання ASTRA, дым падымаецца, у тым ліку, і з боку ваеннага аэрадрома Таганрога.

«Таганрог-Цэнтральны» – гэта ваенны аэрадром у Растоўскай вобласці Расіі, размешчаны ў межах горада Таганрога. На аэрадроме базуецца 708-ы ваенна-транспартны авіяцыйны полк.

Таксама побач працуе 325-ы авіарамонтны завод, які рамантуе транспартныя самалёты і камплектуючыя.

У Exilenova+ таксама напісалі, што ў Таганрозе «быў атакованы аэрадром і ваенны гарадок, там пажар на дадзены момант».

Тое, што атака дронаў была паспяховай, пацвярджалі мясцовыя каналы.

«Таганрог, на жаль, ёсць наступствы на зямлі. Працуюць экстранныя службы. Астатняя інфармацыя пазней ад афіцыйных службаў», — пісалі яны.

Пазней прыйшло і пацверджанне ад уладаў горада.

«Гэтай ноччу наш горад падвергнуўся масіраванай паветранай атацы. Сіламі СПА над горадам знішчаныя БПЛА. Ёсць асяродкі ўзгарання. Спецыялісты экстранных службаў працуюць на месцах падзення абломкаў. Пацярпелых няма. Інфармацыя пра наступствы на зямлі будзе ўдакладняцца», – заявіла кіраўніца Таганрога Святлана Камбулава.

А вось губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар, «збіўшы» «больш за 70 БПЛА» за ноч, заўважыў у Таганрозе толькі «ўзгаранне будынка крамы».

Аўтамабілі на гэтым заводзе даўно не вырабляюць: у 2014 годзе прадпрыемства было прызнана банкрутам. Замест гэтага там збіраюць беспілотнікі. Паводле некаторых звестак, на базе цэхаў ТагАЗ разгорнутыя зборка ўдарна-разведвальных дронаў «Маланка» і вытворчасць камплектуючых для цяжкіх БПЛА «Арыён».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках