Мадзі зноў заклікаў Пуціна завяршыць вайну супраць Украіны
2- 12.09.2026, 8:40
- 1,306
Прэм’ер Індыі звярнуўся да дыктатара РФ перад самітам БРІКС.
Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Мадзі заклікаў кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна пачаць перамовы аб завяршэнні вайны ва Украіне. Палітыкі сустрэліся ў Нью-Дэлі напярэдадні двухдзённага саміту БРІКС.
Аб гэтым паведамляе dpa.
«Дыялог і дыпламатыя — правільны шлях для вырашэння канфліктаў», — заявіў Мадзі Пуціну, паведамілі ў МЗС Індыі. Паводле яго слоў, Індыя гатовая падтрымаць мірныя намаганні.
Двухбаковыя перамовы адбыліся напярэдадні двухдзённага саміту БРІКС, які пачаўся ў суботу. Пытанне вайны ва Украіне таксама ў парадку дня саміту — праўда, у фармулёўцы МЗС Індыі гаворыцца пра канфлікты «ў рэгіёне Чорнага мора».
Індыя — адзін з буйнейшых пакупнікоў расійскай нафты і збожжа. Краіна адчула на сабе цяжкасці з чарнаморскім суднаходствам з-за ўдараў Расіі і Украіны — індыйскія маракі ўжо станавіліся ахвярамі атак дронаў.
Нью-Дэлі, які падтрымлівае цесныя сувязі як з заходнімі партнёрамі, так і з Масквой, у цэлым прытрымліваецца прагматычнай пазіцыі адносна канфлікту з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў лютым 2022 года.
У канцы жніўня на сустрэчы ў Кіргізстане Мадзі ўжо ўзмацняў рыторыку, заклікаючы Пуціна завяршыць баявыя дзеянні прама перад камерамі. Тады ён заявіў: шлях ад бясконцай вайны да яе завяршэння павінен быць пройдзены. Пуцін адказаў, што Расія якраз на гэтым шляху.
Наколькі прамымі былі словы Мадзі падчас апошняй сустрэчы ў Нью-Дэлі, застаецца незразумелым — індыйскія СМІ не публікавалі відэа яго заяў. Саветнік Пуціна па знешняй палітыцы Юрый Ушакоў толькі пацвердзіў, што тэму Украіны абмяркоўвалі.