Найлепшы спосаб прадухіліць вялікую вайну ў Еўропе
- Анна Гопко
- 13.09.2026, 2:00
Нельга чакаць, пакуль Пуцін «праверыць» НАТА.
Гэтыя радкі пішуцца ў тыдзень, калі Нарвегія развітваецца з каралём Харальдам V — апошнім нарвежскім манархам, які асабіста перажыў акупацыю сваёй краіны. Калі ў 1940 годзе нацысцкая Германія напала на Нарвегію, якая абвясціла пра свой нейтралітэт, трохгадовага прынца спачатку вывезлі ў Швецыю, а потым у ЗША. Яго бацька і дзед працягвалі супраціў з Лондана. Дадому Харальд вярнуўся толькі ў 1945 годзе.
З гэтага досведу Нарвегія зрабіла як мінімум дзве высновы: нейтралітэт сам па сабе не гарантуе бяспекі, а стрымліванне залежыць ад таго, наколькі высокай агрэсар лічыць цану нападу.
Пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі кароль Харальд гаварыў пра «новую сур'ёзнасць», што прыйшла ў гэтую частку свету разам з вайной ва Украіне. Яго сын, тады кронпрынц, а цяпер кароль Хаакон VIII, у маі 2025 года прыбыў у ваюючую Украіну, наведаў параненых вайскоўцаў і мемарыял загінулым у Машчуне.
Сённяшняя актыўнасць Расіі дае нарвежцам важкія падставы баяцца прамой вайны з РФ. Украіне гэты сцэнар надта добра знаёмы: уварванні 2014 і 2022 гадоў не былі раптоўнымі рашэннямі Крамля. Масква гадамі рыхтавала глебу: развівала агентурную сетку ўнутры ўкраінскіх сілавых структур, сцягвала войскі да мяжы, вяла кампаніі па дэзінфармацыі і выкарыстоўвала рэлігійныя і культурныя інстытуты як інструменты разведкі і ўплыву.
Асцярожнасць, якую Еўропа лічыць стрыманасцю, Масква ўспрымае як дазвол
Сёння мы назіраем аналагічную падрыхтоўку ў Еўропе. Паводле даных Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў (IISS), на працягу амаль 18 месяцаў Расія праводзіла маштабную кампанію паветранай разведкі з дапамогай беспілотнікаў.
З жніўня 2024 года па люты 2026 года аналітыкі зафіксавалі актыўнасць 144 разведвальных беспілотнікаў у паветранай прасторы больш як 10 краін НАТА. Амаль палова інцыдэнтаў адбылася непасрэдна над ваеннымі аб'ектамі — сярод іх авіябаза Рамштайн у Германіі, французская ваенна-марская база Іль-Лонг і аб'екты сумеснага ядзернага базавання НАТА; такія мэты цяжка патлумачыць «хуліганствам з дронамі».
Дарэчы, для запуску часткі БПЛА Расія магла выкарыстоўваць свой «ценявы флот».
У Нарвегіі — свой рахунак такіх атак.
У 2022 годзе ва Універсітэце Тромсё затрымалі «бразільскага вучонага» Жозе Асіса Джаммарыю, які даследаваў гібрыдныя пагрозы ў Арктыцы. Ён аказаўся палкоўнікам ГРУ Міхаілам Мікушыным — і быў настолькі каштоўны для Масквы, што ў 2024 годзе яго ўключылі ў маштабны абмен зняволенымі. У 2023 годзе Нарвегія выслала ў агульнай складанасці 15 афіцэраў расійскай разведкі, якія працавалі пад дыпламатычным прыкрыццём.
Паралельна Расія цісне на крытычную інфраструктуру. У нарвежскім Кіркенесе яшчэ з 2017 года фіксуюць глушэнне GPS, а пасля 2022 года яно стала амаль штодзённым; перашкоды ў працы навігацыйных сістэм закранаюць усе 11 аэрапортаў Фінмарка. У канцы жніўня гэтага года маштабная кібер-атака на нарвежскае Агенцтва лічбавага развіцця парушыла працу ключавых дзяржаўных сэрвісаў. Прарэсійская групоўка Server Killers узяла на сябе адказнасць за атаку, назваўшы яе «адказам» на абароннае пагадненне паміж Осла і Кіевам.
Усе гэтыя атакі складаюцца ў адзіную сістэму падрыхтоўкі да вайны: разведка ваенных аб'ектаў, агентурная праца, ціск на навігацыю, а таксама на крытычную і лічбавую інфраструктуру. Тым не менш Осла і дагэтуль дзейнічае асцярожна, каб не перайсці ўласную ўнутраную мяжу і не справакаваць «эскалацыю» ў сваім разуменні. Масква ж успрымае гэтую асцярожнасць як дазвол на агрэсію.
Для Поўначы расійскія амбіцыі маюць цалкам практычнае значэнне. Узмацненне РФ у Паўночным і Балтыйскім морах пагражае еўрапейскай інфраструктуры і марскім маршрутам. Адначасова Арктыка застаецца крытычна важнай зонай з-за ядзернага фактару: базы падводных лодак РФ на Кольскім паўвостраве размешчаны ўсяго за 200 кіламетраў ад Нарвегіі.
Такім чынам, расійскія «апетыты» не абмяжоўваюцца Украінай — і міністр абароны Нарвегіі прама называе Расію галоўнай пагрозай бяспецы Нарвегіі і яе саюзнікаў.
Маштабнае абароннае партнёрства як адказ на расійскую пагрозу
Для Паўночнай Еўропы з гэтага вынікае практычны вывад, які мы разам з калегамі спрабавалі данесці да нарвежскіх партнёраў падчас штогадовага форуму Arendalsuka: падтрымкі Украіны асобнымі пакетамі ваеннай дапамогі ўжо недастаткова. Неабходна дзейнічаць зладжана, ужываючы стратэгічны падыход і ўсведамляючы галоўную праблему: часу крытычна бракуе. Маштабнае доўгатэрміновае партнёрства ў сферы абароннай прамысловасці патрабавалася яшчэ ўчора.
Менавіта Украіна, на жаль, у вачах партнёраў сёння служыць тым шчытом, які стрымлівае расійскую ваенную машыну і дае еўрапейскім краінам крытычна важны час для пераўзбраення. За час паўнамаштабнай вайны ўкраінскі абаронны сектар ператварыўся з атрымальніка дапамогі ў галоўны абаронны хаб кантынента. Паводле ацэнкі прэзідэнта Украіны, вытворчыя магутнасці ўкраінскага ВПК дасягаюць каля 60 млрд долараў на год, тады як фактычна прафінансавана ўдвая менш.
Украіна здольная вырабляць эфектыўную зброю, але пытанне ў тым, наколькі хутка партнёры гатовыя інвеставаць у маштабаванне гэтых магутнасцяў.
Паўночная Еўропа ўжо дэманструе лідарства. «Дацкая мадэль» паказала, як партнёры могуць не толькі перадаваць зброю са сваіх складаў, але і непасрэдна фінансаваць вытворчасць беспілотнікаў, марскіх дронаў, робатызаваных комплексаў і артылерыі на ўкраінскіх прадпрыемствах.
У 2025 годзе дзякуючы гэтаму механізму Мінабароны Украіны прыцягнула амаль 1,8 млрд долараў. Украіна і Нарвегія пайшлі яшчэ далей, запусціўшы сумесную вытворчасць украінскіх ударных БПЛА сярэдняй далёкасці на нарвежскай тэрыторыі. Гэта прынцыпова новая мадэль: частка ўкраінскіх абаронных магутнасцяў пераносіцца ў бяспечны тыл пад «парасон» НАТА, па-за зонай дасяжнасці расійскіх удараў па вытворчых цэхах.
У 35-ю гадавіну незалежнасці Украіна і Нарвегія падпісалі два фундаментальныя дакументы: пагадненне аб абаронным супрацоўніцтве ў фармаце Drone Deal і Сумесную дэкларацыю аб стратэгічным партнёрстве, якая прадугледжвае падтрымку Украіны ў памеры каля 9 млрд долараў у 2027 годзе.
Сімвалічна, што Дэкларацыю назвалі «Лізавета» — у гонар дачкі Яраслава Мудрага, якая стала каралевай Нарвегіі. Сувязі Кіева з Паўночнай Еўропай узніклі яшчэ за часоў вікінгаў, а не ў 2022 годзе, — і сёння яны набываюць куды больш практычнае напаўненне.
Нарвегія планамерна павялічвае маштабы дапамогі: у межах праграмы Нансена агульны аб'ём фінансавання складае не менш як 274,5 млрд кронаў (€25,3 млрд) на 2023–2030 гады, і гэтая праграма атрымала падтрымку ўсіх партый нарвежскага парламента. Гэта азначае, што падтрымка Украіны не залежыць ад вынікаў будучых выбараў. Паралельна Нарвегія нарошчвае ўласныя абаронныя выдаткі да 3,5% ВУП.
Рэсурс ёсць. Трэба выкарыстоўваць яго так, каб адначасова ўзмацніць Украіну, якая стрымлівае Расію, і абараназдольнасць самой Нарвегіі.
Але і Нарвегія мае патрэбу ў тым, чаго няма ні ў адной краіны Альянсу ў такіх маштабах: украінскім досведзе сучаснай вайны высокай інтэнсіўнасці, імгненнай зваротнай сувязі з фронту і тэхналогіях, якія штодня праходзяць баявую праверку. У марскіх беспілотніках нарвежскія інжынерныя кампетэнцыі ўжо спалучаюцца з украінскім баявым досведам.
Аднак у еўрапейскіх палітычных колах усё яшчэ гучыць старая песня пра «эскалацыю»: маўляў, з паглыбленнем партнёрства лепш пачакаць, каб не справакаваць Расію. Тым часам Расія атакуе ўжо цяпер, а запозненыя рашэнні каштуюць Украіне жыццяў, тэрыторый і часу, ды і самой Еўропе пакідаюць менш часу на падрыхтоўку.
Нарвегія ўжо стала прыкладам для іншых. Лідарства пачынаецца там, дзе заканчваецца асцярожнасць: Осла павінна адважыцца ператварыць двухбаковае партнёрства з Украінай у мадэль для ўсяго рэгіёна і разам з Украінай, а таксама партнёрамі з краін Паўночнай Еўропы і Балтыі, выбудоўваць агульную абаронна-прамысловую сістэму.
Пытанне ўжо не ў тым, ці трэба гэта рабіць, а ў тым, ці паспеем мы да таго, як Расія вырашыць праверыць пяты артыкул НАТА на практыцы.
Найлепшы спосаб прадухіліць вялікую вайну ў Еўропе — зрабіць Украіну дастаткова моцнай, каб перамагчы і пакараць РФ за агрэсію, што абярнулася генацыдам украінцаў і вайной у Еўропе.
Бо асцярожнасць, якую Еўропа лічыць стрыманасцю, Масква ўспрымае як дазвол.
Анна Гопко, nv.ua