Гендырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна — на свабодзе
- 16.09.2026, 13:44
Яе затрымалі 18 мая 2021 года.
Сярод палітзняволеных, вызваленых 16 верасня пасля прыезду амерыканскай дэлегацыі ў Мінск, — гендырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна.
Людміла Чэкіна была затрыманая 18 мая 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай супраць TUT.BY за ўхіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Ёй прад'явілі абвінавачанне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад сплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры); ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці розні па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб або якія пацягнулі цяжкія наступствы); ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт).
9 студзеня 2023 г. у Мінскім гарадскім судзе пачаўся судовы працэс, які зрабілі закрытым. 17 сакавіка 2023 г. суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла галоўнай рэдактарцы партала Марыне Залатавай і гендырэктарцы Людміле Чэкінай па 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожнай. Людміле таксама прызначылі штраф у памеры 1 000 базавых велічынь (37 000 рублёў).
8 жніўня 2023 г. палітзняволеную перавялі ў ІК № 4 з СІЗА-1.