У 18-гадовага сына кіраўніка Чачні з’явілася асабістая армія
- 16.09.2026, 15:17
- 1,686
Падраздзяленне Адама Кадырава атрымала назву «Дустум К-13».
У Чачні ў 18-гадовага сына кіраўніка рэспублікі Адама Кадырава з’явілася ўласнае сілавое падраздзяленне, якое атрымала назву «Дустум К-13», піша «Верстка». Паводле звестак выдання, байцы гэтага падраздзялення базуюцца на аб’екце спецыяльнага атрада хуткага рэагавання «Ахмат» у роднай вёсцы Кадырава-старэйшага Ахмат-Юрт. У канцы 2025-га — пачатку 2026 года ў чачэнскіх медыя пачалі з’яўляцца паведамленні пра тое, што супрацоўнікі «гарадской групы Цэнтральнай базы Дустум К-13» праводзяць рэйды на дарогах — спыняюць вадзіцеляў і правяраюць іх аўтамабілі.
Пры гэтым у «Дустум К-13» ёсць канал у Instagram, дзе публікуюцца відэа пра дзейнасць «супрацоўнікаў цэнтра». Так, на адным з ролікаў мужчыны ў кепках з надпісам «Дустум» вучацца збіваць дроны і кіраваць беспілотнікамі. Таксама ёсць відэа страявой падрыхтоўкі, трэніровак па стральбе і эвакуацыі параненых. «Ваенны — гэта чалавек, які выбраў шлях без раскладу, без стабільнага «з 9 да 18», без магчымасці спантанна застацца дома, калі цяжка. Гэта жыццё, у якім заўсёды хтосьці вышэй па званні, але пры гэтым у цябе ўнутры вялізнае пачуццё адказнасці. За краіну. За сям’ю. За свой выбар», — гаворыцца ў допісе пад адным з відэа.
Адам Кадыраў атрымаў шырокую вядомасць у верасні 2023 года, калі збіў арыштаванага за спальванне Карана Нікіту Журавеля у СІЗА Грознага. Пасля гэтага ён двойчы стаў Героям Чачні і атрымаў некалькі высокіх пасадаў у рэспубліцы, уключаючы пасады сакратара Савета бяспекі і куратара МУС. Акрамя таго, Кадыраў-малодшы быў прызначаны начальнікам службы бяспекі бацькі. У кастрычніку 2024 года яго імя занеслі ў Кнігу рэкордаў Расіі як самага маладога начальніка службы бяспекі кіраўніка суб’екта — тады яму было 16 гадоў.
За гэты час, паводле падлікаў «Настоящего времени», Кадыраў-малодшы атрымаў больш за 20 узнагарод, уключаючы медаль Расгвардыі «За баявое адрозненне» і залаты медаль Расэнергаатома «За заслугі ў павышэнні бяспекі атамных станцый». Таксама яго ўзнагародзілі юбілейным медалём «90 гадоў ГИБДД МУС Расіі». Апошнюю Кадыраву-малодшаму ўручылі пасля таго, як ён у студзені 2026 года ўчыніў смяротнае ДТЗ у Грозным і сам быў адправлены на лячэнне ў Маскву.