16 верасня 2026, Серада, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расіі можа праваліцца сяўба азімай пшаніцы

4
У Расіі можа праваліцца сяўба азімай пшаніцы
Ілюстрацыйнае фота

Фермерам не хапае грошай і паліва.

Спыненне працы чарнаморскіх партоў, якое паралізавала экспарт расійскага збожжа і пакінула фермераў без заробку, паставіла пад пагрозу сяўбу азімай пшаніцы, на якую прыпадае дзве трэці штогадовых збораў збожжа ў РФ;

На пачатак верасня расійскія сельгасвытворцы засеялі 2,6 млн га азімых, у тым ліку 2,4 млн га пшаніцы, што на 25% ніжэй за сярэдні ўзровень апошніх гадоў, — піша ў аглядзе аналітычны цэнтр «СовЭкон».

Экспарт расійскага збожжа ў жніўні і верасні, паводле ацэнак «СовЭкона», упаў да мінімальных узроўняў з 2010 года — амаль утрая ў параўнанні з сярэднімі для гэтых месяцаў значэннямі. А ўнутраныя цэны на яго абрынуліся праз лішкі нязбытага ўраджаю. «Бягучыя цэны на ўраджай 2026 года на дзясяткі працэнтаў ніжэйшыя за сабекошт. Пры гэтым рэзка падаражэлае паліва дадаткова пагаршае эканоміку ўраджаю 2027 года», — піша «СовЭкон».

Апытанне тысячы фермераў, вынікі якога публікуе ўладальнік фермерскай гаспадаркі ў Варонежскай вобласці Нікіта Токмакоў, паказвае: 26% сельгасвытворцаў у гэтым годзе вырашылі цалкам адмовіцца ад сяўбы азімай пшаніцы, а 32% рыхтуюцца скараціць пасяўныя плошчы. Толькі 29% сеюць у ранейшым аб'ёме.

Сяўба азімых у гэтым годзе можа быць «праваленая», б'е трывогу прэзідэнт Расійскага зерневага саюза Аркадзь Злачэўскі. «Галоўная рызыка — адсутнасць грошай. І гэта значна мацней адаб'ецца [на ўраджаі], чым зніжэнне тэхналагічнасці і ўсе астатнія фактары. Проста няма за што будзе купіць неабходныя рэсурсы, каб адсеяцца восенню. Фізічна няма за што. Дарогая лыжка да абеду. Цяпер трэба закупляць рэсурсы, каб правесці восеньскую сяўбу, а грошай няма», — тлумачыць Злачэўскі.

З-за атак беспілотнікаў з сярэдзіны ліпеня спыненая праца партоў Азоўскага мора, праз якія штомесяц на экспарт адпраўлялася да 1,5 мільёна тон расійскага збожжа. У жніўні спыніліся ўсе тры збожжавыя тэрміналы порта Наварасійска, праз якія штогод аграрыі вывозілі 25 млн тон збожжа. У выніку ў мінулым месяцы збожжавы экспарт з РФ упаў амаль на 60% у гадавым выражэнні, да 2,2 млн тон, а ў верасні можа знізіцца да 2 млн тон, паводле ацэнак «СовЭкона».

«Пакуль няма яснага шляху да аднаўлення бяспечнага суднаходства ў Чорным моры. Гэтае пытанне, відаць, цяпер завязана з больш шырокімі перамовамі аб ударах па энергетычнай інфраструктуры, а не з асобным марскім перамір'ем», — адзначае гендырэктар «СовЭкона» Андрэй Сізоў.

У песімістычным сцэнарыі невострабаванымі могуць застацца 35 млн тон збожжа ўраджаю бягучага года, з іх 22 млн тон — пшаніцы, ацэньвае Уладзімір Пятрычэнка, гендырэктар аналітычнай кампаніі «ПроЗерно». «Гэта ўжо не проста праблема, а катастрафічны сцэнар, які можа прывесці да найсур'ёзнага крызісу ўсёй збожжавай індустрыі», — адзначае ён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках