Беларусь чакае рэзкай змены надвор'я
- 17.09.2026, 16:07
- 1,096
Скандынаўскі цыклон перарве апошнія цёплыя дні.
Лета сыходзіць, а восень уступае ў свае правы – і ўжо на наступным тыдні надвор'е ў Беларусі рэзка зменіцца. Сіноптыкі абяцаюць скандынаўскі холад, моцныя дажджы і туманы. Але перад гэтым краіна паспеe насалодзіцца апошнімі цёплымі днямі.
У Белгідрамеце ўпэўнены: да 20 верасня Беларусь застанецца пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску. Ападкаў будзе няшмат – толькі месцамі кароткачасовыя дажджы.
У пятніцу, 18 верасня, істотных ападкаў не чакаецца, толькі ўначы па ўсходзе магчымыя дажджы. У суботу, 19 верасня, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. А ў нядзелю, 20 верасня, удзень па паўночным захадзе магчымыя дажджы і навальніцы.
Тэмпература паветра ў гэтыя дні будзе вагацца ад +16°C на поўначы да +25°C на паўднёвым усходзе. Уначы – ад +5 да +12°C, месцамі на поўдні да +3…+5°C. У асобныя дні магчымыя туманы.
З 21 верасня Беларусь апынецца ў цыкланічнай цыркуляцыі. Чарговыя франтальныя раздзелы прынясуць новыя порцыі ападкаў у большасць раёнаў. У панядзелак, 21 верасня, месцамі дажджы будуць дасягаць крытэрыяў моцных ападкаў, удзень не выключаныя навальніцы.
З паўночна-заходнімі плынямі пачне паступаць прахалоднае паветра, і тэмпературны фон панізіцца: уначы – ад +3 да +14°C, удзень – ад +9 да +18°C. У вільготным паветры месцамі будуць згушчацца туманы.
У аўторак, 22 верасня, уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай магчымы туман. Тэмпература ўначы +4…+11°C, удзень +10…+17°C. У сераду, 23 верасня, уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі – дажджы.