Блокпаст на ўездзе ў Гомель стварыў вялізны корк
- 21.09.2026, 13:06
- 1,518
Аўтамабілістам давялося доўга чакаць праверкі.
Гамяльчане масава скардзіліся ў сацсетках на велізарны корк на ўездзе ў Гомель з боку чарнігаўскай трасы. Корк утварыўся ў другой палове дня 20 верасня — у нядзелю, калі гамяльчане вярталіся ў горад з дач і вёсак.
Корк узнік з-за кантрольна-прапускнога пункта, створанага ў межах збораў з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў — як раней паведамляў «Флагшток».
Паводле даных анлайн-сэрвісаў, корк расцягнуўся амаль на кіламетр. У каментарах пісалі, што чакаць праверкі і ўезду ў горад даводзілася «вельмі доўга» і раілі не ехаць праз гэты ўчастак, а звяртаць на трасу М-8 пасля Калініна і рухацца па аб’язной.
Такім чынам, вучэнні стварылі нязручнасці для гамяльчан — улады не пажадалі ўлічыць час пік увечары ў нядзелю і не спынілі на гэты час праверку.

Некаторыя пасты на гэтую тэму карыстальнікі выдалілі — пасля таго як у каментарах з’явіліся пагрозы ад невядомых за тое, што аўтамабілісты папярэдзілі пра праверку і параілі аб’язджаць участак.
Паводле даных анлайн-сэрвісаў на раніцу панядзелка, коркаў на ўездзе ў Гомель не было.
Нагадаем, падобныя вучэбныя блокпасты ў межах збораў тэрытарыяльнай абароны арганізавалі таксама ў Светлагорску і Акцябрскім.
Вучэбныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў, якія праходзяць у Гомельскім, Светлагорскім і Акцябрскім раёнах, працягнуцца да 25 верасня. На завяршальным этапе збораў ваеннаабавязаныя Гомельскай вобласці возьмуць удзел у камандна-штабным вучэнні пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны — намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл.