Пуцін загнаў Расію ў гістарычны тупік
2- Уладзімір Пастухоў
- 21.09.2026, 12:54
- 1,304
Краіна дэманструе найгоршыя ўзоры таталітарнага мілітарызаванага грамадства.
Фундаментальным для асэнсавання застаецца пытанне пра прыроду рускай дзяржаўнасці. Ці з'яўляецца пуцінскі рэжым прыватным выпадкам аўтэнтычнага і нават адзіна магчымaга «хардкорнага» стану Расіі, у які яна будзе пастаянна вяртацца пасля любых часовых «лайтавых» адхіленняў, ці для Расіі магчымыя і іншыя ўстойлівыя доўгатэрміновыя станы, пры якіх яна не ўяўляе небяспекі ні для сябе, ні для навакольных?
Пытанне не пустаслоўнае з чыста практычнага пункту гледжання, бо ў залежнасці ад адказу на яго будзе выбудоўвацца палітыка бяспекі, прынамсі ў Еўропе, у дачыненні да Расіі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Адзін сцэнар — калі прырода Расіі нязменная, і пад рознымі назвамі Расія, пакуль яна існуе, будзе паказваць свету найгоршыя ўзоры таталітарнага мілітарызаванага грамадства, схільнага да перманентнай знешняй агрэсіі. Зусім іншы сцэнар — калі мы ў прынцыпе дапускаем існаванне альтэрнатыўнай Расіі, што не ўпісваецца ў апрычную (бальшавіцкую, пуцінскую і г.д.) парадыгму. Такім чынам, прамы і шчыры адказ на пытанне, ці можа Расія быць іншай, чым цяпер (не на паўтара дзесяцігоддзя, а ў прынцыпе), з'яўляецца краевугольным каменем для архітэктуры бяспекі Еўропы ў першай палове XXI стагоддзя. Незалежна ад таго, ці гатовыя мы тут і цяпер даць гэты адказ, важна зафіксаваць самае пытанне як асноватворнае, якое патрабуе пільнага разгляду і заслугоўвае шырокай грамадскай дыскусіі.
Я не гатовы сказаць, што маю ўласны канчатковы адказ на гэтае пытанне. Як і ўсе, я знаходжуся пад ціскам велізарнага масіву ўзаемна супярэчлівых гістарычных фактаў. Але папярэдне я схіляюся да версіі, што дапускае існаванне «Альтэрнатывы для Расіі». Ніжэй я гатовы абазначыць фактары, якія схіляюць мае высновы ў гэты, а не ў процілеглы бок. Пры гэтым я цалкам шчыра буду гатовы выслухаць аргументы тых, хто на той жа гістарычнай аснове робіць адваротныя высновы.
Пяты год вайны, распачатай Расіяй, — не найлепшы час для аб'ектыўнай ацэнкі прыроды рускага грамадства і ўлады. У такі момант уся папярэдняя гісторыя краіны ўяўляецца толькі як перадгісторыя катастрофы, то-бок як ланцуг фактаў і падзей, непасрэдным і адназначным вынікам якіх стала агрэсія. Так было з Германіяй, уся гісторыя якой уяўлялася падрыхтоўкай да прыходу да ўлады Гітлера; так было з Францыяй, уся гісторыя якой здавалася толькі прэлюдыяй напалеонаўскіх войнаў; і так сёння адбываецца з Расіяй. Ужо пасля, аднак, высвятлялася, што такі погляд на гісторыю і перспектывы краіны быў аднабаковы. Таму я не стаў бы рабіць высновы пра гістарычную дэтэрмінаванасць рускай агрэсіўнасці толькі пад ціскам сітуатыўных абставінаў, выкліканых пуцінскай агрэсіяй, а наадварот, пастараўся б ад іх абстрагавацца.
Руская гістарычная традыцыя сапраўды антыдэмакратычная, імперская і мілітарысцкая, што цяжка аспрэчыць. Але гэта агульная рыса ўсіх глабальных імперый, якую кожная з іх па-свойму на пэўным этапе сваёй гісторыі пераадольвала (і амаль нідзе не пераадолела цалкам). З таго факту, што Расія як імперыя запаздняецца ў сваім развіцці і пакуль яшчэ не дасягнула на гэтым папрышчы сур'ёзных поспехаў, не вынікае наўпрост, што гэты шлях для яе закрыты і яна ў прынцыпе не здольная пераадолець сваю антыдэмакратычную і экспансіянісцкую прыроду. Магчыма, ёй пакуль проста не хапіла гістарычнага часу.
У той жа час у рускай палітычнай традыцыі ёсць не толькі імперскае і мілітарысцкае. Для аб'ектыўнасці трэба прызнаць, што гуманістычнай і дэмакратычнай традыцыі ў Расіі таксама больш за дзвесце гадоў. Вядома, яна не была дамінуючай, але яе хапіла на некалькі магутных дэмакратычных рэвалюцый — як зверху, так і знізу, уключна з перабудовай. Урэшце, і мірнае самавызначэнне былых савецкіх рэспублік, і аксамітны характар рэвалюцый у Усходняй Еўропе, і нават бязбольнае аб'яднанне двух Германій адбыліся не ў выніку зацятага змагання за незалежнасць тыпу англа-бурскай вайны, а галоўным чынам у выніку ўнутранага вызваленчага руху ўнутры самога расійскага грамадства, якое ў той момант падтрымала нацыянальна-вызваленчы запыт ўскраін імперыі і імперскіх сатэлітаў.
Нават сёння немагчыма лінейна судзіць пра рэальны стан расійскага грамадства і пануючыя ў ім настроі. Тое, што мы бачым на паверхні, — гэта вынік адначасовага дзеяння гістарычнай інерцыі і дзяржаўнай прапаганды, памножаны на астранамічны каэфіцыент страху перад рэпрэсіямі. Пры гэтым рэальныя жывыя працэсы ў глыбінях грамадскай свядомасці маюць супярэчлівы і разнонакіраваны характар. Магутны імперскі вектар усё часцей упіраецца ў сцяну сустрэчнага запыту на справядлівасць, дэмакратызацыю і мадэрнізацыю. Якая з гэтых тэндэнцый апынецца дамінуючай пры разбурэнні посттаталітарнай сістэмы, будзе залежаць ад многіх фактараў, але ў любым выпадку прагноз не можа быць адназначным.
Стан расійскіх эліт яшчэ больш неадназначны, чым стан расійскага грамадства ў цэлым. Дэклараваны ўладай заклік Drang nach Osten насамрэч мала каго натхняе. Большасць эліты працягвае адчуваць сябе культурна, хоць і адасобленай, але часткай Еўропы (што натуральна), і балюча перажывае разрыў з апошняй, успрымаючы яго як гістарычны аксюмаран. Злом цяперашняй сістэмы, верагодней за ўсё, вызваліць гэты элітарны запыт з-пад прэсінгу і зробіць яго новым сістэмаўтваральным фактарам развіцця.
Уладзімір Пастухоў, Telegram