Польшча адкрые новы будынак пасольства ў Мінску
1- 23.09.2026, 9:14
- 1,268
Радослаў Сікорскі сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Рыжанковым.
Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі пацвердзіў, што сустрэўся ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай Асамблеі ААН з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым.
На пытанне, ці сапраўды адбылася такая сустрэча, Сікорскі гэта пацвердзіў. Ён адзначыў, што ў ААН сустракаецца з некалькімі дзесяткамі міністраў замежных спраў, піша onet.pl.
— ААН — гэта нейтральная тэрыторыя, — сказаў ён, падкрэсліваючы, што ў сувязі з гэтым тут можна сустракацца і з прадстаўнікамі тых краін, з якімі адносіны не абавязкова наладжаныя ў іншых кантэкстах.
— Гэта першая, азнаямленчая сустрэча, але адбываюцца таксама сустрэчы іншых ведамстваў, на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрываем новы будынак пасольства ў Мінску, — сказаў Сікорскі.
На пытанне пра ход сустрэчы і пра тое, якія тэмы абмяркоўваліся, Сікорскі сказаў, што сярод іх была, у прыватнасці, сітуацыя на мяжы, а таксама сітуацыя з рэгіянальнай бяспекай.
На пытанне, ці прасіў ён, каб Беларусь не дазваляла Расіі прапускаць праз сваю тэрыторыю беспілотнікі і ракеты, ён адказаў: «У тым ліку».