Мінабароны РФ захлусілася
- 29.09.2026, 13:25
Расійскія генералы прыдумваюць захопы ўкраінскіх вёсак.
Ваенныя РФ абыходзяцца ўжо без «утыкання сцягоў»: цяпер яны даказваюць захоп украінскіх вёсак з дапамогай відэа з ударамі па іх. Усяго з пачатку верасня Мінабароны паведаміла пра захоп 45 населеных пунктаў у розных рэгіёнах Украіны, падлічыў Telegram-канал «Можем объяснить».
Большасць такіх публікацый суправаджалася відэа з ударамі дронаў па тэхніцы і салдатах ЗСУ, бамбардзіроўкай вёсак з паветра, агнём артылерыі і РСЗА. Ні ў адным роліку не было паказана прысутнасць расійскіх вайскоўцаў у нібыта «вызваленых» населеных пунктах. Няма нават так званых «утыканняў сцягоў», то бок геалакаваных здымкаў салдат РФ са сцягамі, якія звычайна робяцца з дронаў.

Інтэрв'ю з расійскімі вайскоўцамі, якія нібыта бралі вёску Зеленая Диброва ў Запарожскай вобласці, запісана на фоне дрэў — па ім нельга зразумець, што яны знаходзяцца ў населеным пункце. Паводле даных украінскага маніторынгавага праекта DeepState, вёска знаходзіцца за 12 кіламетраў ад пункта максімальнага прасоўвання ЗС РФ у гэтым раёне. Аналагічным чынам знята відэа пра захоп вёскі Польная (10 км ад найбліжэйшых пазіцый ЗС РФ).
Паведамленні пра захоп 10 населеных пунктаў апублікаваныя нават без суправаджальнага відэа. Сярод іх — Святогорск, пра «вызваленне» якога абвясціў Пуцін. Пасля гэтага камандзір 3-га армейскага корпуса ЗСУ Андрэй Білецкі апублікаваў відэа са Святогорска. Расійскія вайскоўцы звярнуліся да «нейраўтыкаў» — гэта створаныя ШІ відэа, якія нібыта былі знятыя ў горадзе. Мінабароны іх не публікавала.
Расказваючы пра захоп вёсак Красный Яр і Потихоново ў Харкаўскай вобласці, Мінабароны выкарыстала старое відэа — ім ужо ілюстравалі «ўсталяванне кантролю» над вёскай Иваново ў жніўні, звярнуў увагу канал Пепел Белгород. Вёскі знаходзяцца на адлегласці 15 кіламетраў адна ад адной.