Atlantic Council: Робаты УСУ анулявалі год расійскіх заваёў
- 30.09.2026, 12:56
- 1,174
Наватарская аперацыя ўкраінскіх вайскоўцаў змяніла сітуацыю на Ліманскім напрамку.
Надзеі расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна на захоп усяго Данбаса сур'ёзна пахіснуліся з-за наватарскага ўкраінскага наступлення, якое анулявала тэрытарыяльныя заваёвы расіян за больш як год баёвых дзеянняў.
Як піша выданне Atlantic Council, гэты поспех паказаў тактычныя інавацыі ўкраінскіх вайскоўцаў і іх высокае майстэрства вядзення баёў з ужываннем беспілотнікаў. Адзначаецца, што цяпер на Ліманскім напрамку разгарнуліся адны з самых жорсткіх баёў за ўвесь час уварвання, бо Пуцін імкнецца дасягнуць сваёй мінімальнай ваеннай мэты — захапіць увесь Данбас. Аднак поспех УСУ нейтралізаваў гэтыя планы.
Адзначаецца, што ключавым фактарам стаў эфект нечаканасці. Украінскія вайскоўцы стварылі «завесу» радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), якая не дазволіла расійскім разведвальным дронам пранікнуць у ключавыя раёны фронту і адначасова схавала перамяшчэнні ўкраінскіх войскаў.
«У умовах, калі магчымасці РФ па правядзенні разведкі на полі бою былі істотна абмежаваныя, Украіна змагла задзейнічаць буйныя дроны-бамбавікі для дастаўкі беспілотных наземных апаратаў (БНА) у тыл праціўніка. Гэтыя робаты на дыстанцыйным кіраванні, абсталяваныя цяжкімі кулямётамі або нашпігаваныя выбухоўкай, сялі хаос у глыбокім расійскім тыле і стваралі ўмовы для прасоўвання пяхоты. Расійскія войскі былі заспетыя знянацку: у адной з перахопленых размоў афіцэр надзвычай здзіўляўся таму, што ўкраінскім робатам удалося пранікнуць так глыбока ў тыл», — напісала выданне.
Да таго ж УСУ актыўна выкарыстоўвалі ўдарныя беспілотнікі сярэдняй дальнасці, каб ізаляваць канкрэтныя расійскія падраздзяленні і перарэзаць шляхі забеспячэння перадовых пазіцый.
Выданне дадала, што акрамя дзеянняў, якія рыхтавалі глебу для наступлення ў тыле расійських войскаў, украінскія сілы выкарыстоўвалі наземныя беспілотныя апараты для размінавання, расчышчаючы праходы і рыхтуючы плацдарм для далейшага прасоўвання. «Гэта дазволіла ўратаваць жыцці вайскоўцаў», — адзначыла выданне.
«Калі атрымаецца маштабаваць і ўкараняць досвед, атрыманы на Ліманскім напрамку, ва ўсёй украінскай арміі, гэта можа стаць для Украіны мадэллю аднаўлення манеўравых дзеянняў на палях баёў, дзе дамінуюць дроны», — лічаць у выданні.