З карты Беларусі знікаюць цэлыя вёскі
1- 30.09.2026, 13:36
За час кіравання Лукашэнкі — мінус 1701.
Насельніцтва Беларусі скарачаецца, а сельскае насельніцтва — асабліва хутка. З карты Беларусі штогод знікаюць цэлыя вёскі і хутары. Апошняй на сёння «ліквідавалі» вёску Пірэвічы, што паміж Жлобінам і Светлагорскам, паведамляе «Белсат».
Так званы Жлобінскі раённы савет дэпутатаў пастанавіў 23 верасня ліквідаваць вёску Пірэвічы Дабрагошчанскага сельсавета Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Рашэнне апублікавалі 29 верасня, яно ўступіла ў сілу.
Паводле дзяржаўнай газеты «СБ. Беларусь сёння», у гэтай вёсцы, якая паўстала каля ста гадоў таму, станам на 2004 год налічвалася толькі два жыхары і толькі адна гаспадарка.
Назва «Пірэвічы» не знікне — паблізу ёсць аднайменны аграгарадок, цэнтр Пірэвіцкага сельсавета.
Пірэвічы — ужо 19-я з пачатку года скасаваная вёска ў Беларусі, падлічыў Blizko.by. З іх дзве ў Гомельскай вобласці, па адной у Брэсцкай і Магілёўскай, а 15 — у Віцебскай, з іх 9 у Шаркаўшчынскім раёне.
Цяпер у Беларусі ёсць сталіца як асобная адзінка абласнога ўзроўню, 6 абласцей і 118 раёнаў. Паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, у іх ёсць:
10 гарадоў абласнога падпарадкавання,
104 гарады раённага падпарадкавання,
27 пасёлкаў гарадскога тыпу ў складзе раёнаў,
52 пасёлкі гарадскога тыпу ў складзе сельсаветаў,
22 973 сельскія населеныя пункты іншага тыпу.
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта:
20 гадоў таму ў Беларусі было 23 863 сельскія населеныя пункты,
15 гадоў таму — 23 467,
10 гадоў таму — 23 201,
5 гадоў таму — 23 050.
У 1991 годзе, калі Беларусь здабыла незалежнасць, у ёй было 23 615 сельскіх населеных пунктаў. У 1994-м раптам стала 24 674, але далей іх колькасць ізноў скарачалася. Магчыма, падчас падрыхтоўкі закона «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле» ўпарадкоўвалі савецкія рэестры.
То-бок за час незалежнасці ў Беларусі зніклі прынамсі 642 вёскі, а то і 1701, калі лічыць ад 1994 года і верыць Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту.
Сучасныя тэмпы знікнення вёсак даволі звычайныя: бывала, праводзілі і больш маштабныя «зачысткі» пустых вёсак. Так, за 2014 год зніклі 138 сельскіх населеных пунктаў.
Насельніцтва Беларусі працягвае скарачацца, пры гэтым сельскае насельніцтва змяншаецца асабліва хутка. Так:
35 гадоў таму ў Беларусі было 3 384 737 чалавек, што жылі ў сельскай мясцовасці. Яны складалі 33,2% насельніцтва Беларусі.
15 гадоў таму — 2 388 025 сельскіх жыхароў, 24,9% ад усіх.
10 гадоў таму — 2 201 940, або 22,4%.
5 гадоў таму — 2 069 325, або 22,1%.
На пачатак 2026 года засталося 1 898 771 — менш за 21%.