Пасля скаргі Лукашэнкі на «акіян аўтамабіляў» у Мінску ўзяліся за паркоўкі
2- 4.09.2026, 8:22
- 2,838
«Улады» сталіцы расказалі, што будуць рабіць.
У Мінску пустуюць больш як 20 тысяч месцаў на паркінгах і стаянках. Каб зрабіць іх прывабнейшымі для вадзіцеляў, гарадскія ўлады хочуць абсталяваць такія аб’екты зарадкамі для электрамабіляў, расказаў БелТА старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Паводле слоў Кухарава, пры будаўніцтве новага жылля двары стараюцца вызваляць ад аўтамабіляў, пакідаючы там месца для дзіцячых пляцовак і зон адпачынку. Паркоўкі і паркінгі пры гэтым размяшчаюць па-за межамі двароў, аднак многія аўтамабілісты ўсё адно аддаюць перавагу пакідаць машыны як мага бліжэй да дома.
У цэнтры Мінска ўлады ўжо пашырылі сетку платных парковак. У спальніх раёнах асобна імкнуцца прыбраць з двароў грузавы транспарт: для яго ствараюць стаянкі ў іншых частках горада, у тым ліку ў прамысловых зонах.
Цяпер дзяржаўнаму аб’яднанню «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» даручылі абсталяваць падпарадкаваныя яму паркінгі і стаянкі зараднымі комплексамі для электрамабіляў.
Паводле слоў Кухарава, цяпер у Мінску налічваецца каля 30 тысяч электрамабіляў, а да 2030 года іх колькасць можа перавысіць 100 тысяч.
«Мы падрыхтавалі і ў найбліжэйшы час прымем канцэпцыю электразарадных станцый у горадзе, якая ўпарадкуе сістэму размяшчэння, каб яны раўнамерна размяркоўваліся — не толькі ў цэнтры горада, але і па мікрараёнах, спальніх раёнах. Акцэнт — на стаянкі, паркінгі, паркоўкі. Гэта створыць дадатковую прывабнасць стаянак і паркінгаў, якія, на жаль, пакуль не запоўненыя», — расказаў кіраўнік Мінгарвыканкама.
Чыноўнік адзначыў, што цяпер у горадзе застаюцца свабоднымі больш за 20 тысяч парковачных месцаў.
Нагадаем, 3 верасня Лукашэнка загадаў пазбавіцца ад аўтамабіляў у мінскіх дварах. Кіраўнік прызнаўся, што выгляд прыпаркаваных у дварах машын робіць на яго «жудаснае ўражанне». «Стаіць дом, перад ім сквер да праезнай часткі — добра, прыгожа. Але гэта рэдкасць. А ў іншых выпадках — гэта акіян аўтамабіляў. Дзесьці брудныя, замазураныя. Ну не вельмі прыгожа, калі будынак тоне ў чарадзе гэтых аўтамабіляў», — паскардзіўся ён.