6 верасня 2026, Нядзеля, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Спачатку Пуцін, потым Лукашэнка: якімі будуць змены ў Беларусі

2
Спачатку Пуцін, потым Лукашэнка: якімі будуць змены ў Беларусі
Фота: Getty Images

Вецер гісторыі разгарнуўся і пачаў дзьмуць у іншы бок.

Як можа выглядаць найбольш рэалістычны сцэнар змен, якія прыйдуць у Беларусь? Няўжо гэты час сапраўды набліжаецца ці мы проста разганяем нерэалістычныя мары?

Павел Севярынец у інтэрв'ю «Белсату» заявіў, што час змен у Беларусі можа настаць ужо ў кастрычніку. Удакладняю — кастрычніку гэтага года. Севярынец прызнаў, што «Лукашэнка можа паказаць цуды палітычнай спрытнасці», але з другога боку, можа ўжо і не справіцца «з кульбітамі і з пераабаваннямі ў паветры». Паводле слоў Севярынца, у расійскіх рэгіёнах — схаваны дэфолт, суб'ектам спісваюцца даўгі, рэйтынг кіраўніка Расіі падае.

Прызнаюся, Павел Севярынец — адзін з маіх улюбёных беларускіх палітыкаў. Паважаю яго за мужнасць, паслядоўнасць, прынцыповасць. І як вельмі ідэйны чалавек, як шчыры вернік, ён традыцыйна выпраменьвае гістарычны аптымізм. Гэта наогул неабходна палітыку — казаць пра непазбежнасць перамогі ў любой сітуацыі, натхняць і весці людзей.

Аднак мая задача як аглядальніка і публіцыста крыху іншая. Я павінен паспрабаваць прааналізаваць становішча, якое маем сёння, тэндэнцыі, што існуюць, каб паразважаць, ці сапраўды акно магчымасцяў для Беларусі настолькі блізка.

І тут найважнейшы фактар — сітуацыя ў Расіі і на расійска-ўкраінскай вайне. Гэта прызнае і Севярынец, ды і ўсе палітыкі і аналітыкі. Можа настаць момант, калі Масква пачне горш кантраляваць беларускую сітуацыю.

У гэтым аспекце трэба адзначыць некалькі працэсаў. Расійская эканоміка запавольваецца, бюджэтны дэфіцыт за студзень–ліпень 2026 года вырас да 2,8% ВУП, а вайна працягвае аказваць ціск на дзяржаўныя фінансы. Адначасова мацнее напружанне паміж рознымі групамі расійскай эліты.

Пакуль невядома, да якога ўзроўню можа ўзрасці паліўны крызіс у Расіі, выкліканы ўдарамі ўкраінскіх дронаў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Паводле розных звестак, вытворчасць бензіну ў Расіі скарацілася да 65% ад сярэдняга сезоннага спажывання. Ці не будуць перабоі з пастаўкамі прадуктаў, напрыклад, у Маскву? Як на фоне дэфіцыту паліва людзі будуць дабірацца сваімі аўтамабілямі на працу і дадому? Магчыма, гэтыя пытанні ўжо не гучаць публіцыстычным перабольшваннем.

Зусім апошнія навіны. 1 верасня Уладзімір Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі і страхоўшчыкаў, што расійскае неба становіцца небяспечным з-за росту колькасці ўкраінскіх беспілотнікаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Украіна не ставіць за мэту атакаваць грамадзянскія самалёты. Задача іншая: калі над Масквой, Санкт-Пецярбургам і іншымі гарадамі рэгулярна з'яўляюцца ўкраінскія дроны, авіякампаніі самі павінны ўлічваць гэтую рызыку.

«(Расійскае неба фактычна будзе закрывацца https://charter97.org/ru/news/2026/9/5/697338/). Вайна, якую пачала Расія, закрывае яе неба», — заявіў Зяленскі.

Для Расіі гэта даволі непрыемная перспектыва. Краіна атрымлівае сітуацыю, калі вайна паступова перастае быць толькі праблемай фронту і асобных аб'ектаў у тыле. Яна пачынае ўплываць на нармальнае функцыянаванне аднаго з самых важных элементаў дзяржавы — грамадзянскай авіяцыі.

Мэтай аперацыі павінна стаць не толькі парушэнне паветраных зносін. Кіеў разлічвае ізаляваць расійскіх чыноўнікаў, алігархаў і іншых заможных прыхільнікаў Пуціна ад замежных маршрутаў. І вось першая замежная авіякампанія адмовілася ад рэйсаў у Расію пасля папярэджання Уладзіміра Зяленскага пра небяспеку расійскай паветранай прасторы.

Стратэгічнай мэтай Украіны застаецца павелічэнне кошту працягу вайны для Крэмля. Каб наступствы вайны ўсё больш адчуваліся і шараговымі грамадзянамі, і расійскімі элітамі.

А тут яшчэ і магчымая новая хваля мабілізацыі. Мяркую, сённяшняя расійская дзяржава не дасць сваім падневольным грамадзянам магчымасці адкасіць.

Украінскія дроны, паліўны крызіс, інфляцыя, пагроза мабілізацыі, падзенне рэйтынгу ўлады наогул і Пуціна ў прыватнасці — ці можа ўсё гэта прывесці да актыўнага палітычнага пратэсту? Наўрад ці. За гады вайны расіяне ўжо даведаліся пра жорсткія наступствы любога публічнага нязгоддзя. Аднак сацыяльная незадаволенасць назапашваецца і ў любы момант можа выліцца ў нешта непрадказальнае, як гэта неаднаразова было ў расійскай гісторыі.

Чаму я столькі ўвагі надаю становішчу ў Расіі? Бо ёсць агульнае разуменне, што акно магчымасцяў у Беларусі з'явіцца толькі ў выпадку альбо крызісу, альбо, прынамсі, істотнага аслаблення Расіі.

Вобразна кажучы, гэта сфармулявана ў формуле: спачатку Пуцін, потым Лукашэнка. Калі ўявіць, што цяпер нейкім чынам знікне Лукашэнка, а ў Маскве застаецца моцны і ўпэўнены ў сваіх сілах Пуцін, то гэта стварае відавочныя пагрозы для беларускай незалежнасці, пагрозы рэзкага ўмяшання Крэмля ў нашыя справы ў той ці іншай форме.

А цяперашняе аслабленне Расіі, нават калі і не завершыцца нейкімі радыкальнымі зменамі, у любым выпадку стварае лепшыя пазіцыі для дэмакратычнай перспектывы Беларусі.

Эканамічныя праблемы, можа, і не вядуць да імгненнага калапсу, але могуць прымусіць Крэмль пачаць выбіраць прыярытэты. Калі ў Масквы становіцца менш свабодных грошай, узнікае простае пытанне: ці гатовая Расія і далей плаціць такую цану за кантроль над Беларуссю? І калі вайна ва Украіне пачне рухацца да нейкага заканчэння або проста да доўгатэрміновага перамір'я, геапалітычная вартасць Беларусі для Расіі можа змяніцца. І тады ў Лукашэнкі з'явіцца тое, што ён вельмі любіць: магчымасць балянсаваць паміж цэнтрамі сілы. Прычым цяпер ужо хапае прыкмет, што ён гэта разумее. А любое балянсаванне — гэта так ці інакш крокі ў бок ад Расіі.

Калі падвесці вынік — так, я не бачу падстаў падзяляць надта аптымістычную ацэнку Паўла Севярынца, маўляў, ужо ў бліжэйшыя месяцы могуць узнікнуць падставы для кардынальных змен у Беларусі. Але асабіста мне здаецца, што мы ўжо прайшлі дно самых негатыўных варыянтаў. Мне здаецца, той самы вецер гісторыі разгарнуўся і пачаў дзьмуць у іншы бок.

Віталь Цыганкоў, «Белсат»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках