Два розныя палюсы Беларусі
1- 7.09.2026, 8:54
- 1,678
На Брэстчыне і Віцебшчыне найбольш мільянераў, але эканомікі рэгіёнаў зусім розныя.
Брэстчына і Віцебшчына — два беларускія рэгіёны, у якіх у пяці апошніх рэдакцыях топ-100 паспяховых бізнесменаў краіны фіксавалася найбольшая колькасць несталічных мільянераў. Аднак у эканоміцы краіны паводле свайго значэння гэтыя вобласці знаходзяцца на розных палюсах. Чаму?
«Белорусы и рынок» паглядзеў, як карэлююць тэмпы развіцця эканомік рэгіёнаў Беларусі з маштабамі і асаблівасцямі развіцця прыватнага бізнесу ў іх.
Две вобласці ў топе
З гэтай мэтай мы падлічылі бізнесменаў, што пражываюць і вядуць дзейнасць у рэгіёнах краіны, у пяці рэдакцыях топ-100 паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі. Тры рэйтынгі (у 2019–2022 гадах) падрыхтавала выданне «Ежедневник», а два апошнія спісы выйшлі (у 2023–2025 гадах) на партале «Белорусы и рынок».
У выніку першае месца па колькасці мільянераў з першай сотні за гэты перыяд займае Брэстская вобласць.
У пяць рэйтынгаў у 2019–2025 гадах увайшлі 16 прадстаўнікоў мясцовага бізнесу. Сярод іх — Аляксандр Мошанскі (Група кампаній «Санта»), Віктар Лемешэўскі і Аляксандр Попак (1 AK-Group), Канстанцін Кадлубовіч («Боншэ»), Дзмітрый Чарненка (Група кампаній «СТиМ») і іншыя.
Другое месца з нязначным адрывам заняла Віцебшчына — 14 мільянераў. У ліку мясцовых «бізнес-гуру» — Мікалай Варабей (экс-«Интерсервис»), Мікалай Мартынаў («Марко»), Уладзімір Некрашэвіч («Славянскі Велес») і інш.
У астатніх рэгіёнах прыблізна аднолькавая колькасць асоб, што за гэтыя гады дацягвалі да ўзроўню топ-100:
у Гродзенскай — 5 на чале з Валянцінам Байко («Конте Спа»);
у Магілёўскай — 5 з Яўгенам Баскіным («Серволюкс»);
у Гомельскай — таксама 5, дзе самы маштабны Дзмітрый Пахомаў («Алкопак»);
на Міншчыне — 4, і з іх вылучаецца Сяргей Рамановіч («Ніва»).
Два лёсы — два розныя палюсы
Прыватны бізнес Брэстчыны па сутнасці стварыў новую эканоміку рэгіёна.
Брэстчына ў савецкія часы і ў першыя пару дзесяцігоддзяў незалежнасці была безнадзейным прамысловым аўтсайдарам Беларусі. Тут дзяржава проста не пабудавала гігантаў, якія забяспечвалі вал у іншых вобласцях.
Але дзяржаўныя прадпрыемствы паспяхова замянілі прыватныя інвестары, якія зрабілі рэгіён новым лідарам краіны. Пакуль — па тэмпах росту прамысловай вытворчасці. Але расце і частка Брэстчыны ў яе сукупным аб’ёме. Яна ўжо наперадзе Гродзеншчыны, Магілёўшчыны і Віцебшчыны, а адставанне ад Мінска і Гомельшчыны імкліва скарачаецца.
Адзначым, што доўгі час сёлета Брэстчына на фоне падзення вытворчасці амаль на ўсіх дзяржаўных прамысловых гігантах Беларусі была адзіным у Беларусі рэгіёнам (уключаючы Мінск) з ростам прамысловай вытворчасці.
На Віцебшчыне, як паказваюць нашы даныя, таксама сур’ёзны прыватны бізнес.
Але нават са сваімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі ўзроўню «Нафтана» і іншых (тэкстыльных і станкабудаўнічых) гэты рэгіён — галаўны боль для ўрада.
Чаму аддача ў віцебскага прыватнага бізнесу не такая, як у брэсцкага?
Першая і галоўная прычына ў тым, што істотная частка мясцовага прыватнага бізнесу прывязаная да дзяржсектара, дзякуючы якому, уласна, і вырасла, і развіваецца. Як прыклад: галоўны бізнесмен рэгіёна Мікалай Варабей зрабіў свае капіталы на пастаўках і перапрацоўцы нафты на «Нафтане». І выцягнуць эканоміку рэгіёна, калі ёсць праблемы ў дзяржсектары, прыватнік таму не можа.
Акрамя таго, стаўка прыватнага бізнесу на дзяржаву заўсёды мела падводныя камяні. Яны ў любы момант могуць паўплываць і на яго даходы, і на само існаванне бізнесу.
Другі момант — гэта структура інвестыцый. Калі ў Брэсце большасць мільянераў з топ-100 — гэта вытворцы, то на Віцебшчыне істотная доля прыпадае на гандляроў. Гандлёвы сектар пры яго бясспрэчнай перавазе хуткіх грошай усё ж такі менш надзейная (асабліва ў Беларусі) крыніца стабільнага росту бізнесу.
Трэці момант, бадай, — гэта суседства.
Гістарычныя сувязі жыхароў Брэстчыны з польскімі і праз іх еўрапейскімі кантрагентамі, інвестарамі і кліентамі дазваляюць атрымліваць і ўкараняць больш эфектыўныя практыкі ў кіраванні, прасоўванні тавараў, чым тыя, якія ад дзелавых кантактаў са сваімі суседзямі з Расіі (і трохі ў латвійскай Латгаліі) маюць жыхары Віцебшчыны.