Мінскіх сужэнцаў пазбавілі бацькоўскіх правоў адносна пяцярых дзяцей
- 7.09.2026, 18:43
Яны злоўжывалі алкаголем.
Уступіла ў законную сілу рашэнне суда аб пазбаўленні сталічнай сужэнскай пары бацькоўскіх правоў адносна пяцярых дзяцей. Пра гэта пракуратура Мінска паведаміла дзяржаўнаму агенцтву «Мінск-Навіны».
Ініцыятарам пазбаўлення пары мінчан бацькоўскіх правоў выступіла ўпраўленне па адукацыі аднаго з раёнаў сталіцы. Гаворка ішла пра чатырох хлопчыкаў васьмі, шасці, чатырох і трох гадоў, а таксама трохгадовую дзяўчынку.
У 2025 годзе суд адмовіўся пазбаўляць сужэнцаў бацькоўскіх правоў — іх папярэдзілі пра неабходнасць змяніць сваё стаўленне да выхавання і ўтрымання малалетніх.
Аднак пасля вяртання дзяцей у сям’ю яны зноў былі прызнаныя такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС), а ў далейшым — і такімі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Дзяцей забралі з сям’і ў прытулак.
«У сувязі са злоўжываннем алкаголем бацькамі не былі створаныя належныя ўмовы для пражывання і развіцця непаўналетніх, сістэматычна ў іх дома адсутнічалі прадукты харчавання, прыгатаваная ежа», — распавяла пракурор аддзела пракуратуры Мінска па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх справах Карына Крук.
На новым судзе бацькі не прызналі іскавыя патрабаванні. Казалі, што любяць дзяцей і хочуць вярнуць іх у сям’ю, прымаюць меры, каб пераадолець залежнасць ад алкаголю. Аднак суд прыняў рашэнне пазбавіць іх бацькоўскіх правоў.
Рашэнне было абскарджана, аднак пакінута без змянення і ўступіла ў законную сілу.